Браслаўчанка Ганна Шпак адзначыла свой 100-гадовы юбілей

Люди

У пачатку чэрвеня ў Браслаўскім доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў панавала ўрачыстая атмасфера. Нагодай для яе стаў стагадовы юбілей, які адзначыла жыхарка гэтай сацыяльнай установы Ганна Іосіфаўна Шпак.

Павіншаваць імянінніцу з такой знамянальнай датай у па-святочнаму ўпрыгожаным фае сабраліся супрацоўнікі дома-інтэрната і іх падапечныя. Далучыліся да ўрачыстасці таксама старшыня раённага Савета дэпутатаў, кіраўнік раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Ніна Пучынская і лідар раённага аддзялення РГА «Белая Русь», намеснік старшыні райвыканкама Алена Бабінская.

У гэты дзень прагучала шмат сардэчных пажаданняў, адрасаваных Ганне Іосіфаўне. Госці, адзначыўшы выдатныя ўмовы пражывання, створаныя ў дзяржаўнай сацыяльнай установе, шчыра парадаваліся за віноўніцу ўрачыстасці, якая адзначае свой 100-гадовы юбілей у такой камфортнай і добразычлівай абстаноўцы.

Сапраўды, імянінніцы прызначаліся цёплыя словы, кветкі, падарункі і абавязковы атрыбут дня нараджэння – торт. А яшчэ невялікі, аднак надзвычай душэўны канцэрт, падрыхтаваны мясцовымі насельнікамі для Ганны Шпак, якая ўжо 25 гадоў з’яўляецца паважаным членам вялікай дружнай сям’і, што склалася ва ўстанове. Страціўшы ў гады Вялікай Айчыннай вайны мужа, ураджэнка вёскі Дундзеры шчыравала ў Полацкім хімлясгасе, выйшла на заслужаны адпачынак, а з часам перабралася ў домінтэрнат. Спакойная па характары, працавітая, жанчына і тут знайшла сабе занятак: дапамагала садзіць гародніну, даглядала градкі.

Цяпер доўгажыхарка больш часу праводзіць у пакоі, узгадваючы з суседкамі мінулае, а супрацоўнікі ўстановы клапоцяцца пра бытавыя дробязі, забяспечваюць Ганне Іосіфаўне годную і спакойную старасць. ■

 

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.