У Браслаўскім раёне завяршаюць веснавую сяўбу

Новости
На бягучым тыдні ў ААТ «Слабодка-агра» цалкам завяршылі вясновую сяўбу і па сёлетніх кліматычных параметрах уклаліся ў аптымальныя тэрміны.

З 15 красавіка і па гэты час механізатары гаспадаркі падрыхтавалі глебу і паклалі ў мяккую зямлю насенне збожжавых і зернебабовых культур на плошчы 650 га. У тым ліку 453 га засеялі пшаніцай, 75 га – аўсом і вікай, 22 га – элітай ячменю, 100 га – просам на зерне. Такім чынам, з улікам 900 га азімых пад ураджай 2022 года закладзены падмурак на плошчы 1 550 га.

Акрамя збожжавых, пасеялі ў акцыянерным таварыстве і 100 га кукурузы, 220 га – яравога рапсу і 150 га – аднагадовых сумесей на корм жывёле.

Па словах галоўнага агранома сельскагаспадарчага прадпрыемства Пятра Карандзея, асноўны цяжар палявых работ лёг на плечы невялікай зладжанай каманды механізатараў. Алег Дарожка ўзворваў глебу, Андрэй Бурлакоў на «Кіраўцы» са зробленым у майстэрні гаспадаркі шасцімятровым чызелем рыхтаваў яе пад сяўбу, Сяргей Жураўскі ўносіў угнаенні, а Віктар Лейша сеяў. Дырэктар ААТ «Слабодка-агра» Уладзімір Драздоўскі дадае:

– На пасяўной хлопцы папрацавалі старанна з ранку да позняга вечара, але і зарабілі добра. Да таго ж іх працаздольнасць мы імкнуліся падтрымліваць добрым каларыйным абедам, які рыхтаваўся ў завер’еўскай сталовай і дастаўляўся непасрэдна на поле. Безумоўна, нагрузка ў іх высокая, але пакуль не хапае механізатараў, каб яе зменшыць. Патрэбна іх як мінімум яшчэ 5 чалавек, а лепш і 10. ■

Казімір ПЯТУШКА