Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам Браслаўскай вытворчасці ААТ «Віцебскхлебпрам»

Новости
Старшыня райвыканкама Вячаслаў Грышчанка сустрэўся з калектывам Браслаўскай вытворчасці ААТ «Віцебскхлебпрам».

Кола тэм для абмеркавання аказалася даволі шырокім, аднак усе яны былі актуальнымі. Перад тым, як даць слова спікерам, кіраўнік прадпрыемства Валерый Пятушка пазнаёміў прысутных з асноўнымі аспектамі яго дзейнасці, расказаў пра гісторыю, дасягненні, праблемы і перспектывы вытворчасці, узгадаў эканамічныя паказчыкі.

Тэму эканомікі, але ўжо ў зусім іншым маштабе, падтрымала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына. Яна акрэсліла бягучую сацыяльна-эканамічную сітуацыю ў разрэзе краіны ва ўмовах санкцыённага ціску, меры падтрымкі рэальнага сектара з боку дзяржавы. Дарэчы, на дзяржаўнай пазіцыі ў гэтым пытанні асаблівы акцэнт зрабіў і Вячаслаў Грышчанка. Ён нагадаў, што дзяржпалітыка ў Беларусі сацыяльна арыентаваная, таму многія сферы, у тым ліку грашова-фінансавая, рэгулююцца, каб абараніць ад негатыўных фактараў як асобнага чалавека, так і цэлыя галіны вытворчасці.

Што тычыцца іншых тэм для размовы, то на парадку дня таксама стаялі актуальныя аспекты добраўпарадкавання, дзеючага прыродаахоўнага заканадаўства, барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі, вакцынацыі ды іншае. Кожнае з дадзеных пытанняў прысутныя дасканала разабралі з удзелам кампетэнтных спецыялістаў.

На гэтым фоне да членаў інфармацыйнай групы паступіла дастаткова шмат пытанняў. Завадчане цікавіліся планамі на рамонт дарог, выказвалі занепакоенасць экалагічным станам возера Навята і праблемай бадзяжных жывёл, у тым ліку дзікіх, прасілі перагледзець графік абслугоўвання прыватнага сектара смеццявозамі. Ні адно з іх не засталося без адказу. У тых жа выпадках, калі спецыялісты не змаглі патлумачыць адразу, яны ўзялі тайм-аўт, паабяцалі вывучыць дэталі і абавязкова разабрацца. ■

Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ