Друйскае вучылішча — лепшае ў СССР, а ў Замошша прыйшла рысь. Пра што пісала «Браслаўская звязда» 40 гадоў таму назад

Отдых
ЛЕПШАЕ Ў СССР

Каб вярнуць сілу і ўрадлівасць зямлі, узаранай снарадамі і гусеніцамі танкаў, патрэбны былі рабочыя рукі і спецыялісты. Таму ў Друі на базе будаўнічага тэхнікума стварылі вучылішча меліяратараў, дзе рыхтавалі машыністаў экскаватараў. За 27 гадоў існавання з яго сцен выйшла каля 12-і тысяч спецыялістаў. Сотні іх узнагароджаны ордэнамі і медалямі, сярод выпускнікоў ёсць заслужаныя меліяратары, дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР і нават Герой Сацыялістычнай Працы. За поспехі ў навучанні і выхаванні моладзі друйскаму вучылішчу прысвоена званне лепшага ў СССР.

НА ГАЛОЎНЫХ УЧАСТКАХ – КАМУНІСТЫ

Актыўна ўключыліся ў веснавыя палявыя работы хлебаробы калгаса «Прагрэс». Каля 30 трактароў з адпаведным прычапным інвентаром выведзены ўжо на палеткі. І на галоўных участках працуюць камуністы. Па глебавых умовах веснавыя работы пакуль сканцэнтраваны ў асноўным у чацвёртай паляводчай брыгадзе. Тут члены партыі займаюцца падрыхтоўкай глебы, унясеннем арганікі, падкормкай пашы. Камуністы-звеннявыя старанна адрамантавалі сваю тэхніку, праверылі яе надзейнасць у час абкаткі.

І ПАШАНА, І СТЫМУЛ

Клопаты пра працоўнага чалавека – галоўнае ў нашым сацыялістычным грамадстве. У гэтым пераконваешся пастаянна. Напрыклад, у апошні час штогод 10 – 12 рабочых і служачых саўгаса «Друйскі» папраўляюць сваё здароўе ў розных здраўніцах краіны – у Друскінінкаі, Місхоры, Еўпаторыі і інш. Многія лепшыя працаўнікі гэтай гаспадаркі пабывалі на экскурсіях у Маскве, Ленінградзе, Кіеве, наведалі Хатынь, Мінск, Брэст, а некаторыя пазнаёміліся з жыццём сваіх сяброў з сацыялістычных краін. Людзі адказваюць на такі клопат самаадданай працай.

«ЧЫРВОНАЯ СУБОТА» НА БРАСЛАЎШЧЫНЕ

Больш як пяць тысяч інжынерна-тэхнічных работнікаў і служачых з Браслава, гарадскіх пасёлкаў Друя і Відзы, іншых буйных населеных пунктаў раёна выехалі ў дзень «чырвонай суботы» ў калгасы і саўгасы на дапамогу працаўнікам палёў ды ферм. У гаспадарцы «Маяк», напрыклад, па-ўдарнаму папрацавалі прадстаўнікі райвыканкама, аддзелаў народнай асветы і сацыяльнага забеспячэння, райспажыўсаюза, розных арганізацый і ўстаноў. На суботніку яны перабралі каля ста тон бульбы.

ЗАКЛІКІ ЦК КПСС ДА 1 МАЯ 1982 ГОДА

– Працоўныя Савецкага Саюза! Азнамянуем 11-ю пяцігодку ўдарнай працай! Няхай яшчэ мацнейшай, багацейшай і прыгажэйшай стане наша Радзіма! Усё для шчасця чалавека, усё ў імя чалавека! – Юнакі і дзяўчаты! Настойліва авалодвайце ведамі, культурай, прафесіянальным майстэрствам! Будзьце свядомымі барацьбітамі за камунізм! – Грамадзяне Савецкага Саюза! Актыўна ўдзельнічайце ва ўсенародным руху за эканоміку і беражлівасць! Эканоміка павінна быць эканомнай!

ТАК І ДА БЯДЫ НЕДАЛЁКА

У калгасе «Партызан» ніхто не звяртае ўвагі на тэхніку бяспекі пры карыстанні газам. Слесар па абслугоўванні газавага абсталявання ніколі не дастаўляе балоны спажыўцам: калі трэба, тыя самі іх бяруць і вязуць на веласіпедзе, трактары ці нясуць на плячах, самі і ўстанаўліваюць. А каб праверыць, ці ёсць уцечка, амаль усе карыстаюцца запалкамі – спосабам, катэгарычна забароненым правіламі бяспекі. Так і да бяды недалёка. Быў ужо і няшчасны выпадак, калі жанчына, якая везла балон на калёсах, атрымала апёкі падчас яго выбуху.

НЯПРОШАНАЯ ГОСЦЯ

Незвычайны выпадак здарыўся ў вёсцы Замошша. На падворак хаты, якая стаіць на ўскрайку лесу, завітала няпрошаная госця – вялікая рысь. Замошскія лясы багатыя на розных звяроў, але каб рысь забіралася ў вёску – такога не памятаюць нават старажылы. Гэты вельмі асцярожны і хітры драпежнік звычайна трымаецца воддаль чалавечага жылля. Рысь паводзіла сябе агрэсіўна: прыдушыла курыцу, кінулася на сабаку. Трапны стрэл спыніў яе разбой, а эпідэміялагічная экспертыза пацвердзіла, што лясная жывёліна была шалёная. ■

Жанна БЯЛЬКО