Дом з гісторыяй. Што вы не ведалі пра двухпавярхоўку ў цэнтры Опсы

Отдых
У населеных пунктах Браслаўшчыны шмат дзе сустракаюцца пабудовы, якія ў архітэктурным плане моцна адрозніваюцца ад большасці навакольных. Яны былі ўзведзены пераважна ў першай палове XX стагоддзя, амаль сто гадоў таму назад, і маюць шэраг цікавых рысаў. Паказальна, што старыя будынкі працягваюць служыць людзям і, акрамя гэтага, кожны з іх мае сваю гісторыю. З адным з такіх дамоў мы пазнаёміліся ў Опсе.

ПАБУДОВА З АДМЕТНЫМІ РЫСАМІ

На цэнтральнай вуліцы аграгарадка, па адрасе Савецкая, 66, знаходзіцца двухпавярховы будынак, які адразу прыцягвае да сябе ўвагу пафарбаванымі ў цёмнаружовы колер цаглянымі сценамі. Мясцовым жыхарам ён добра вядомы: ужо больш за 75 гадоў тут размяшчаюцца ўстановы сферы культуры – на сённяшні дзень гэта мясцовы літаратурна-забаўляльны цэнтр і бібліятэка.

Стаіць дом на дастаткова высокім падмурку, што ўвогуле нехарактэрна для сельскай мясцовасці, яшчэ вылучаецца сіметрычным па кампазіцыі галоўным фасадам з прамавугольнымі дзвярамі і вокнамі абапал іх, а таксама дзвюма калонамі, якія падтрымліваюць балкон з каванай агароджай. Цагляная кладка, бачная пад слоем фарбы, за рэдкім выключэннем, нядрэнна захавалася, яе ўпрыгожваюць карнізы, што апаясваюць будынак пад нізкім дахам, а таксама паміж першым і другім паверхамі. Пры адносна невялікай занятай тэрыторыі агульная плошча памяшканняў складае 208,4 метраў квадратных, з якіх 61 м² – гэта дзве прыбудовы, кожная з якіх мае асобны ўваход. Што цікава, ніжнія вокны большыя па памерах, чым верхнія: гэта абумоўлена функцыянальнасцю дома, узведзенага, згодна з тэхпашпартам, у 1936 годзе: у тыя часы нярэдка першы паверх адводзіўся пад краму, а на другім пасяляліся гаспадары.

НА РАЗДАРОЖЖЫ ГІСТОРЫІ

– Аднатыпныя адна- і двухпавярховыя будынкі ў Опсе – гэта ўсё яўрэйскія дамы, – расказвае сталы жыхар Медзюкоў Пётр Друсь, які цікавіцца мясцовай гісторыяй і сабраў багата звестак пра Опсу. – Менавіта гэты належаў гандляру Нохіму Ульману. Ён з сям’ёй жыў на другім паверсе, знізу размяшчаўся магазін. Быў там і склеп, які выкарыстоўваўся як склад. Дзверы ў яго былі з вуліцы, аднак па меркаваннях бяспекі (дзеці любілі тут гуляць) праход з цягам часу заклалі.

Падчас вайны немцы, усталяваўшы сваю ўладу, размясцілі ў доме Н. Ульмана камендатуру. Дарэчы новым гаспадарам прыйшоўся і склеп: туды яны садзілі арыштаваных. Аднак пасля таго, як адзін з затрыманых партызан здолеў ноччу выбіць са сцяны некалькі цаглін і ўцёк, камендатуру перанеслі ў іншае месца. Лёс гаспадара дома невядомы. Падчас вайны ад рук нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі многія жыхары Опсы, і ў спісе ахвяр-яўрэяў, што прыводзіцца ў кнізе «Памяць», налічваецца аж 12 расстраляных Ульманаў, але Нохім у ім не ўзгадваецца. Потым, у сярэдзіне 1960-х гг., ён напомніў пра сябе, хоць і ўскосным чынам. Падчас рамонту будынка рабочыя ва ўнутраным дворыку выкапалі скрыню, відавочна, закапаную першым гаспадаром з надыходам ваеннага часу. У ёй былі бутэлькі з алкаголем і даўгавыя распіскі – вэксалі. Праўда, не паспелі мужчыны парадавацца знаходцы, як высветлілася: пробкі збуцвелі і напіткі сапсаваліся…

Пасля вайны будынак пэўны час стаяў закінуты, яго выкарыстоўвалі пад часовыя патрэбы. Адна з іх пакінула наступствы на доўгія гады: праз завезеную аднойчы на, здавалася, непрацяглае захоўванне соль памяшканне так набрыняла сырасцю, што тая не выводзіцца аж да гэтага часу. Не ратуе і пячное ацяпленне, што засталося ад першых гаспадароў. І колькі б на сцены ні расходавалі фарбаў – яны не трымаюцца.

АСЯРОДАК МЯСЦОВАЙ КУЛЬТУРЫ

У 1946 годзе ў былым доме Ульмана арганізавалі клуб, у сярэдзіне 1950-х на другім паверсе пачала працаваць бібліятэка, і да сённяшняга часу будынак – сапраўдны культурны цэнтр.

За працяглы тэрмін у памяшканні не праводзілі кардынальнай перабудовы, і многія архітэктурныя рашэнні засталіся нязменнымі. На першым паверсе размяшчаецца глядзельная зала, грымёрная і прасторны калідор, невялікае падсобнае памяшканне, на другім знаходзіцца бібліятэка, метадычны кабінет, невялічкая кладоўка і калідорчык. Каб наведацца па кнігі, трэба ўзняцца па стромкай лесвіцы – характэрнай прыкмеце будынкаў, узведзеных у польскія часы. Не ўсім гэта было па сіле. Супрацоўнікі расказваюць пра чытачку сталага ўзросту, якая, стоячы ля ніжніх прыступак, стукала па пярылах палкай, – і ёй уніз выносілі неабходную літаратуру.

У будынку заўсёды віравала жыццё, хоць, безумоўна, месца для творчай дзейнасці тут не так і многа. Асабліва гэта адчувалася ў савецкія часы: тады толькі адзін опсаўскі хор, які меў званне народнага, налічваў 45 чалавек. А з улікам гледачоў было зусім цесна. І калі, напрыклад, рэпетыцыя супадала з дэманстрацыяй мастацкага фільма, то кінамеханік быў вымушаны чакаць, калі спевакі закончаць практыкавацца, і праводзіў паказ са спазненнем. Ды і сеанс даводзілася нярэдка паўтараць, бо глядзельная зала не змяшчала ўсіх жадаючых.

Наведваюцца сюды мясцовыя жыхары і цяпер – падчас розных мерапрыемстваў. Сцены ж будынка, вытрымаўшы цяжар гэтулькіх гадоў, нагадваюць ім пра мінулае. ■

Жанна БЯЛЬКО

Фота аўтара і з архіва Пятра ДРУСЯ