Любоў да справы, самаадданасць, поспех. Трое браслаўчан удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны»

Новости
Лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны» ўшанавалі на гэтым тыдні – 15 сакавіка. Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў Сафійскім саборы ў Полацку.

Традыцыйна намінанты абласной прэміі «Чалавек года» прадстаўляюць розныя сферы народнай гаспадаркі рэгіёна, і ўсе яны любяць свой край і самаахвярна працуюць на карысць Віцебшчыны. Такую думку выказаў журналістам яшчэ перад цырымоніяй уручэння ганаровай узнагароды старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

«Сімвалічна, што ў гэты дзень і ў такім месцы сабраліся найлепшыя прадстаўнікі нашай вобласці. Полацк з’яўляецца калыскай беларускай дзяржаўнасці, а сёння, у Дзень Канстытуцыі, калі ўступае ў сілу яе новая рэдакцыя, для лаўрэатаў надыходзіць сапраўды гістарычны момант. Немагчыма вылучыць нейкую больш важную катэгорыю: яны ўсе важныя, пачынаючы з тых, хто вырошчвае хлеб, і працягваючы тымі, хто лечыць, што асабліва актуальна ў апошнія гады, – тут сабраліся тыя, хто з любоўю і вялікай самааддачай выконвае сваю справу», – адзначыў кіраўнік вобласці.

Таксама Аляксандр Субоцін падкрэсліў, што лаўрэатам абласной прэміі, як і ў цэлым беларускаму народу, уласціва імкненне да незалежнасці, эканамічнай магутнасці, высокай культуры, а за іх поспехамі стаіць не імгненны трыумф, а аўтарытэт, які каваўся гадамі. «Няма сумненняў у тым, што вы робіце намнога больш, чым расказваюць пра вас узнагародныя лісты. Ваша добрасумленная праца, мэтанакіраванасць адкрываюць новыя гарызонты ў самых розных галінах і ўмацоўваюць імідж усёй вобласці», – звярнуўся да віноўнікаў урачыстасці старшыня аблвыканкама.

Тым часам прэстыжныя ўзнагароды атрымалі 50 прадстаўнікоў разнастайных прафесій і пакаленняў, у тым ліку выдатныя спартсмены і творчыя асобы.

Адзначаныя на высокім узроўні прадстаўнікі сферы аховы здароўя таксама не раз узнімаліся на сцэну, каб атрымаць не толькі дыплом лаўрэата абласной прэміі, а і авацыі падзякі за выратаванне жыццяў. Сярод узнагароджаных быў і прадстаўнік Браслаўшчыны – урач-неўролаг ЦРБ Ігар Козел.

Дарэчы, падтрымка медыкаў у Віцебскай вобласці, якая два гады таму першай прыняла на сябе ўдар пандэміі, працягваецца і цяпер. «Многае робіцца для таго, каб у кожнага жыхара нашага рэгіёна была магчымасць атрымаць даступную і якасную медыцынскую дапамогу, каб умовы працы медработнікаў адпавядалі ўсім сучасным патрабаванням. Для гэтых мэт затрачваецца чвэрць бюджэту вобласці», – адзначыў Аляксандр Субоцін.

Рост вытворчасці, поспехі аграрыяў, навуковыя дасягненні, праца работнікаў жыллёва-камунальнай ды сацыяльнай сфер таксама сталі падставай для гонару за жыхароў Віцебскай вобласці, якія змаглі паказаць высокія вынікі і ўзняць рэгіён на належны ўзровень. Таксама нямала зроблена для захавання памяці пра подзвіг ваеннага пакалення, што для Віцебшчыны з’яўляецца адной з самых трагічных, але важных старонак гісторыі. І яе нельга вырваць з кнігі жыцця, а трэба беражліва захоўваць для нашчадкаў. ■

Паводле матэрыялаў БелТA

Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА