Прыёмная маці з Браслаўскага раёна: «Трэба проста любіць дзяцей»

Люди
Менавіта такімі на першы погляд немудрагелістымі словамі кіруецца ў сваім жыцці Ніна Кастэнка з Іказні, якая за апошніх дзевяць гадоў атуліла пяшчотай і клопатам 7 прыёмных дзяцей і 12 – на патранатным выхаванні.

Гэта, можна сказаць, сямейная традыцыя: бацькі Ніны Браніславаўны выгадавалі траіх дзяцей, яна з мужам Віктарам таксама паставілі на ногі дзвюх дачок і сына. І ў знаёмых столькі ж было – падабалася за імі назіраць, у газетах ды часопісах даводзілася чытаць і пра прыёмных бацькоў.

– Мне ўвогуле хацелася мець вялікую сям’ю, каб было многа дзетак, – кажа Н. Кастэнка. – А тут старэйшая дачка неяк ляжала ў бальніцы разам з дзяўчынкай з Друйскага дзіцячага дома і стала прасіць, каб узялі тую дахаты – на выхадныя і канікулы. Два летнія месяцы правяла Святлана ў нас. Далей у доме з’явілася першакласніца Тонечка, да яе пачалі прыязджаць сёстры – так і пачалася справа. Муж крыху вагаўся, аднак падтрымаў пачынанне.

Спачатку дзеці знаходзіліся ў сям’і часова, а затым, калі ў Літоўшчыне засталіся сіротамі брат з сястрой, Ніна Кастэнка стала прыёмнай маці на прафесійнай аснове – як супрацоўніца аддзела па адукацыі. Яна перажывала за хлопчыка, якому на той час споўнілася чатырнаццаць, аднак ён адразу ўвайшоў у сям’ю, а вось з шасцігадовай дзяўчынкай было цяжэй, пакуль прывыкла. Цяпер Ніна Браніславаўна радуецца іх самастойнаму жыццю: Дзіма ажаніўся, мае дачку, Таня вучыцца ў каледжы ў Полацку. Атулілі сямейным цяплом Кастэнкі і Сашу з Насцяй з Завер’я, і іншых дзяцей, на сённяшні дзень яны гадуюць траіх – Насцю, якая вучыцца ў 9 класе, і шасцікласнікаў Мікіту і Арыяну.

Зразумела, не ўсё адразу ішло гладка: былі і складаныя моманты, калі выхаванцы свавольнічалі ці сварыліся між сабой, часам і рэўнасць у іх праяўлялася – даводзілася супакойваць, размаўляць, пераконваць. Дарэчы прыйшліся веды, атрыманыя падчас заняткаў з псіхолагамі, на курсах, але найперш дапамагалі цярпенне, спагада і дабрыня.

Сёння ж Ніне Кастэнка прыемна глядзець на дзяцей, калі тыя прыязджаюць на госці. Усе яны, хоць і не лічацца ўжо прыёмнымі, бываюць на выхадных ці па святах, падтрымліваюць зносіны і між сабой, наведваюцца адзін да аднаго. Ды і тэлефануюць часта: хтосьці парніком пахваліцца, а іншы хоча параіцца ўжо пра сваіх дзяцей. Бачна, што прыйшліся па сэрцы настаўленні Ніны Браніславаўны: быць дружнымі і дапамагаць адзін аднаму, нічога ў жыцці не чакаць дармавога – усяго дабівацца ўласнай працай і, галоўнае, цаніць сям’ю.

– Многія маладыя людзі пасля дзіцячага дома не могуць годна ўладкаваць сваё жыццё. Мае ж дзеткі стараюцца і часам кажуць: «Справы ў нас ідуць добра, бо мы трапілі да вас у сям’ю». Ёсць, напэўна, і мая заслуга ў тым, што ў іх складваецца ўсё належным чынам, – сціпла кажа Ніна Кастэнка. – Дзеці ёсць дзеці. Калі іх любіш, яны гэта адчуваюць. Усім кажу, каб часцей насілі малых на руках, давалі больш пяшчоты. Мне здаецца, што не варта баяцца – трэба проста любіць дзяцей, дапамагаць ім. Можна частачку сябе аддаць – затое ўсім будзе добра. ■

Жанна БЯЛЬКО