Прэзідэнт: нягледзячы на ціск, беларуская эканоміка расце

Новости
Наша эканоміка зведала беспрэцэдэнтны па маштабе і глыбіні націск звонку, але ў краіне здолелі захаваць эканамічны рост. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.

Паводле слоў беларускага лідара, галоўная задача ў эканоміцы сёння – гэта не дапусціць пераносу праблем на жыццё людзей. «Якія б ні былі санкцыі, як бы на нас ні націскалі, што б з намі ні спрабавалі зрабіць, мы павінны прымаць такія меры, каб людзі гэтых санкцый не адчулі», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Тым часам Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па выніках дзесяці месяцаў валавы ўнутраны прадукт павялічыўся прыкладна на 2,5 працэнта, расце прамысловая вытворчасць (больш за 7 працэнтаў), прычым практычна ва ўсіх яе падгалінах.

Больш чым 60 працэнтаў беларускай прамысловай прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Пры гэтым у глабальным рэйтынгу краін па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Беларусь займае 46-е месца сярод 152 краін. Такія даныя ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці, растлумачыў кіраўнік дзяржавы.

«У сувязі з гэтым экспарт тавараў і паслуг павялічыўся прыкладна на 33 працэнты, у краіну дадаткова паступіла 8,5 мільярда долараў. Склаўся рэкордны дадатны знешнегандлёвы баланс – больш як 2,7 мільярда долараў», – звярнуў увагу Прэзідэнт і дадаў, што ў многім дзякуючы такой узважанай макраэканамічнай палітыцы ў краіне нядрэнныя паказчыкі плацежнага балансу, а значыць, устойлівы курс ды спакой на фінансавым рынку.

Стабільна таксама расце сярэдняя заработная плата: у кастрычніку яна ўшчыльную падышла да Br1,5 тысячы. Кожны чацвёрты работнік у краіне атрымлівае звыш гэтага ўзроўню, у той час як год таму іх доля складала толькі 16 працэнтаў.

Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і праблем у краіне нямала. Але на 90 працэнтаў яны прыўнесены звонку. Прэзідэнт спыніўся на негатыўных тэндэнцыях, якія непакояць не толькі яго. Перш за ўсё гэта датычыцца цэн.

Упершыню за некалькі гадоў інфляцыя перавысіла прагнознае значэнне, а цэны на сацыяльна значныя тавары ў сярэднім выраслі амаль на 7 працэнтаў. На гэтым фоне Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: нельга дапусціць, каб цэнавыя фактары пераходзілі ў наступны год. Ключ да ўмацавання даверу насельніцтва да рубля і банкаўскіх укладаў ён бачыць у росце экспарту.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што праект бюджэту на 2022 год фарміруецца дэфіцытным, і адначасова запатрабаваў прыняць меры па «ўтаймаванні» інфляцыі: у будучым годзе яна павінна быць на ўзроўні 6 працэнтаў.

Разам з тым, як далажыў на нарадзе прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, эканоміка краіны функцыянуе ў жорсткіх умовах нарастаючага знешняга санкцыйнага націску. Прыкметны ўплыў аказваюць на дзелавую актыўнасць таксама абмежаванні, звязаныя з пандэміяй COVID-19. Паводле яго слоў, стабільна і эфектыўна функцыянуюць прадпрыемствы, бізнес, дзяржаўныя і камерцыйныя ўстановы, выконваюцца ўсе сацыяльныя абавязацельствы і гарантыі дзяржавы. Колькасць занятых у эканоміцы работнікаў захавана. Узровень беспрацоўя знаходзіцца ў прагнозным калідоры.

Каб захаваць станоўчыя тэндэнцыі, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў узмацніць выканальніцкую дысцыпліну і неадкладна выконваць прынятыя рашэнні. «Не павінна быць доўгіх, працяглых размоў, угавораў. Рашэнне прынята – выконвайце. Часам рашэнні трэба прымаць імгненна», – растлумачыў Прэзідэнт. ■

Па матэрыялах БелТА.