На мінулым тыдні больш за 30 выпускнікоў пакінулі сцены Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Гучным развітальным акордам стаў вялікі справаздачны канцэрт і ўручэнне атэстатаў.
У глядзельнай зале РЦК 25 мая было поўна навучэнцаў ДШМ, іх бацькоў і святочна прыбраных выпускнікоў. Ярка ўпрыгожаная паветранымі шарамі сцэна нагадвала, што сёння – выпускны баль для 31 юнага музыканта.
Распачалося мерапрыемства з урачыстасцей: падзякай старшыні райвыканкама адзначана педагог ДШМ Ірына Белусь, пад віншаванні падарунак ад установы атрымаў дыпламант рэспубліканскага конкурсу Уладзімір Чагарын.
Святочны канцэрт адбыўся з нумароў у выкананні навучэнцаў розных класаў і выпускнікоў. Салісты перамяжоўваліся з дуэтамі, ансамблямі. Выступіў і ўзорны аркестр баянаў ДШМ. Гледачы з асалодай дружнымі апладысментамі ўспрымалі кожны нумар: інструментальнае, вакальнае ці харэаграфічнае выступленне.
Шэраг навучэнцаў адзначылі дыпломамі за выдатную вучобу і паспяховую канцэртную дзейнасць. Трэба сказаць, што педагагічны склад школы не абышоў сваёй увагай і бацькоў музыкантаў: з дзясятак мам і татаў атрымалі падзячныя лісты за падтрымку і ўзорнае выхаванне дзяцей.
З асаблівымі пачуццямі ў гэты вечар уздымаліся на сцэну і выпускнікі. За плячыма – гады заняткаў ва ўстанове, спалучэнне вучобы ў агульнаадукацыйнай і музычнай школах, што, безумоўна, складана. Але яны змаглі паспяхова адолець гэта і цяпер маюць музычную адукацыю.
Уручаючы атэстаты, дырэктар ДШМ Ганна Лабуць шчыра павіншавала кожнага і пажадала не развітвацца з музыкай па жыцці. Пасля канцэрта выпускнікі яшчэ раз вярнуліся ва ўстанову, дзе іх сустрэлі з сувенірамі педагогі і юная змена – першакласнікі, якім яны і перадалі сваю творчую эстафету. ■
Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.