Віртуальнае з рэальным. Глядзіце, як у Браславе правялі Ноч музеяў

Отдых
У міжнароднай акцыі, прысвечанай Дню музеяў, прынялі ўдзел і браслаўчане. Сёлета супрацоўнікі Музея традыцыйнай культуры змяшалі віртуальны і рэальны фарматы, таму наведвальнікі маглі і пабываць на выстаўках, і паглядзець іх адкрыццё анлайн.

Адразу тры экспазіцыі адкрылі ў МТК падчас Начы музеяў, і ўсе яны звязаны з Браслаўшчынай. Так, у малой зале ўстановы зрабілі выстаўку карцін, на якіх – краявіды нашага раёна. Цэлы шэраг работ розных мастакоў, ад мясцовых да заслужаных майстраў, сабраў у сваёй калекцыі мінчанін Сяргей Рыбалка. Мужчына каторы год жыве на браслаўскай зямлі і захапляецца яе пейзажамі. Падчас наведвання адной з выставак народных мастакоў ён задумаўся пра збор карцін. Цяпер у яго калекцыі больш чым 100 экзэмпляраў. Шэраг з іх належыць вядомаму Яну Рыдзіку. Ёсць работы і іншых браслаўскіх мастакоў. Па просьбе музейных работнікаў ён пагадзіўся на пэўны час выдзеліць найбольш яркія карціны для выстаўкі.

Свае работы выставілі і пачынаючыя мастакі – удзельнікі студыі «Акварэлька», дзе выкладае Галіна Ставіцкая. Дзеці паказалі сваё майстэрства і бачанне гісторыі і розных момантаў з жыцця Браслава.

У вялікай зале ўстановы надзьмулі ветразі караблі сям’і Маланавых. У прыватнасці, Барыс Аляксандравіч 12 гадоў таму назад пераехаў жыць у Слабодку і стварае ў вольны час мадэлі розных караблёў. Якіх толькі суднаў няма ў яго калекцыі! Сваё захапленне ён перадаў і сыну, выкладчыку Акадэміі мастацтваў. Толькі той працуе ў жывапісе, і яго караблі «ажываюць» праз фарбы і пэндзаль. Бацька і сын прывезлі ў Браслаў многа работ, якія пакідаюць яркія ўражанні пра іх хобі.

Трэба адзначыць, што работнікі музея запрасілі на адкрыццё аўтараў выставак, пазнаёмілі з імі сваіх гасцей. Паглядзець на карціны і мадэлі караблёў можна ў сценах установы, а даведацца больш падрабязна пра іх – падчас прагляду відэа з адкрыцця экспазіцый. ■

Алена НАБЕЕВА