У Браславе прайшоў фестываль баянна-акардэоннай музыкі «Баян FEST»

Новости

Мерапрыемства прайшло пяты раз і сабрала ўдзельнікаў з Пастаўшчыны, Міёршчыны і Глыбоччыны. З юбілейным фестывалем музыкантаў павіншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Чагарына. Яна пажадала арганізатару – Браслаўскай ДШМ – і надалей развіваць «Баян FEST», выходзіць на новыя ўзроўні. Падставы для гэтага ёсць: усяго толькі за некалькі гадоў з мерапрыемства мясцовай установы ён перайшоў у міжраённы фармат. Удзел у фестывалі бралі і прадстаўнікі Латвіі.

Сёлета таксама было чаму здзіўляцца. Вельмі моцны склад удзельнікаў дазваляў адчуць моц і прыгажосць гукаў народных інструментаў. Як жа яскрава на іх гучыць і класічная музыка, і сучасная!

Выступленні акардэаністаў і баяністаў дапаўнялі навучэнцы харэаграфічнага аддзялення ДШМ. Адбыўся дэбют на вялікай сцэне і ансамбля лыжкароў школы мастацтваў, выступленне якога прыйшлося даспадобы гледачам. І, безумоўна, фінальным акордам святочнага канцэрта сталі феерычныя нумары ад узорнага аркестра баянаў ДШМ. Працяглымі апладысментамі гледачы аддзячылі за падораныя музыкантамі хвіліны асалоды ад пачутых мелодый.

Развівайся і далей, «Баян FEST»! Паказвай, як можа гучаць народны інструмент ва ўмелых руках музык, і прывівай любоў да мастацтва. ■

Алена НАБЕЕВА