Браслаўчанін Яўген Падагель: «Азы вадзіцельскага майстэрства асвойваў падчас вайны ў Афганістане»

Новости
Далёка не кожны работнік можа пахваліцца працоўным шляхам даўжынёй у 40 гадоў. А вось браслаўчанін Яўген Падагель у наступным месяцы адзначыць такі своеасаблівы юбілей. І роўна палова гэтага тэрміну прыходзіцца на працу вадзіцелем ВУ «Браслаўгаз» УП «Віцебскаблгаз».

Хоць і пачынаў Яўген сваю працоўную дзейнасць слесарам, але лёс трывала звязаў яго з баранкай аўтамабіля. Няпросты вадзіцельскі вопыт атрымаў у 1980-я гады ў Афганістане, дзе давялося без малога два гады перавозіць параненых салдат. Набытая ў суровых умовах звычка весці машыну акуратна, як і абавязкова правяраць яе тэхнічны стан перад выездам, прыйшлася затым дарэчы і ў мірным жыцці.

З 2001 года Я. Падагель працуе ў сферы газавай гаспадаркі. Спачатку ён дастаўляў спажыўцам балоны са звадкаваным газам, затым Яўгену даручылі перавозку з Віцебска розных труб, газавых пліт, дэталей і г. д. – усяго, што неабходна для работы газавай сістэмы. Вадзіцель спраўляўся сам, без памочнікаў, а тым часам трэба было загрузіць атрыманыя матэрыялы, рацыянальна іх размясціць і замацаваць, акуратна везці, каб па дарозе не сапсаваць ці не згубіць. Тут у поўнай меры праявіліся стараннасць і працавітасць работніка, яго адказныя адносіны да прафесійных абавязкаў.

А іх у Я. Падагеля, між іншым, нямала, і спраўляецца ён з імі выдатна. Адміністрацыю не можа не радаваць павялічаны міжрамонтны прабег і эканамічная эксплуатацыя даверанага яму транспарту (за ім замацаваны аўтамабілі УАЗ-Патрыёт і ГАЗ-53), адсутнасць парушэнняў правіл дарожнага руху. Да таго ж кваліфікацыя дазваляе Яўгену выконваць і абавязкі слесара: ён праводзіць рамонтныя работы газавыкарыстальнага абсталявання, здымае лічыльнікі на паверку, працуе разам са зваршчыкамі на мантажы газабалонных установак.

У калектыве гэтага вадзіцеля ведаюць як руплівага, добразычлівага і тактоўнага чалавека.

– Яўген Падагель – адказны работнік, сапраўдны прафесіянал сваёй справы, які паспявае ўсюды. Можна быць упэўненым, што любое даручэнне ён выканае на ўсе 100 %, – кажа дырэктар «Браслаўгаза» Вадзім Шукель. – У нас шмат моладзі, і ён заўсёды гатовы дапамагчы, падзяліцца вопытам – гэта асабліва каштоўна.

Але кабінай аўтамабіля Яўген не абмяжоўваецца: хапае яму часу і на грамадскае жыццё. На яго рахунку маюцца тры прызавыя медалі з абласных спаборніцтваў па армрэслінгу, ён пастаянны ўдзельнік творчых мерапрыемстваў і конкурсаў (здольнасці яскрава праявіліся ў спевах у хоры, створаным у арганізацыі), і ў добраўпарадкаванні вытворчай тэрыторыі «Браслаўгаза» таксама ёсць немалы ўклад вадзіцеля.

Добрасумленная праца Яўгена Падагеля адзначана шматлікімі граматамі і заахвочваннямі, сёлета да іх дабавілася ганаровае званне «Лепшы па прафесіі». ■

Жанна БЯЛЬКО