Гістарычная азбука Друі: Барысаў камень, вядомы кінафільм і ўласны герб

Новости
«Браслаўская звязда» працягвае свой праект, прысвечаны юбілею Друі, і прапануе вам узгадаць наступныя літары алфавіту ды папоўніць свае веды пра гэты населены пункт.
Б – БАРЫСАЎ КАМЕНЬ

Гэта не проста велічны помнік эпіграфікі XII стагоддзя, а ўнікальная славутасць Беларусі. Першапачаткова на тэрыторыі нашай краіны было выяўлена 7 Барысавых камянёў – вялікіх валуноў з высечанымі на іх шасціканцовымі крыжамі і надпісамі. Большасць з іх з цягам часу разбурылася, і да нашых дзён захаваліся толькі тры глыбы, адна з якіх – у Друі. Валун быў вядомы навукоўцам здаўна, але знаходзіўся на дне ракі. Аднак у 2002 годзе, калі ўзровень вады ў Заходняй Дзвіне апусціўся да рэкордна нізкай адзнакі, камень нечакана паказаўся на паверхні. Было прынята рашэнне падняць яго. Пасля некалькіх спроб гэта атрымалася, аднак валун трэснуў. Праз некаторы час камень перавезлі на цэнтральную плошчу аграгарадка, дзе ён цяпер даступны для шырокага агляду і з’яўляецца адной з мясцовых славутасцей.

В – «ВАЙНА ПАД СТРЭХАМІ»

Як вядома, рэжысёр Віктар Тураў здымаў у нас на Браслаўшчыне фільм «Вайна пад стрэхамі». У ім апавядаецца пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны па матывах рамана беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча. У фільме здымаліся славутыя савецкія акцёры Ніна Ургант, Лізавета Уварава і Аляксандр Дзям’яненка. Частка кінапрацэсу праходзіла ў Друі. Мясцовыя жыхары і цяпер добра памятаюць, як гэта адбывалася, а блізкія і знаёмыя некаторых нават былі задзейнічаны ў масавых сцэнах. Падчас здымак стужкі Друю наведваў таксама вядомы акцёр і бард Уладзімір Высоцкі.

Г – ГЕРБ

Герб аграгарадка з’яўляецца гісторыка-геральдычным помнікам Беларусі. У 1618 годзе Ян Сапега падпісаў прывілей аб заснаванні побач з Друяй новага горада пад назвай Сапежын, які адразу атрымаў магдэбургскае права і герб: у блакітным полі віціна (драўлянае пласкадоннае судна) з разгорнутым ветразем на хвалях. З пераходам Друі пад юрысдыкцыю Сапегаў яна таксама набыла магдэбургскае права і геральдычны знак.

Герб быў адобраны рашэннем Друйскага пасялковага Савета дэпутатаў у 2002 годзе, зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 лютага 2004 года № 60 і зарэгістраваны ў Дзяржаўным геральдычным рэгістры 3 сакавіка 2004 года. ■

Алена НАБЕЕВА