Для ахрэмаўскіх школьнікаў правялі ваенна-спартыўную гульню «Зарніца»

Новости
Адрадзіць добра вядомую ваенна-спартыўную гульню «Зарніца» вырашылі ў Ахрэмаўскай школе. Сёлета яна прайшла тут ужо другі раз і пакінула шмат эмоцый у школьнікаў.

Пры падтрымцы пагранзаставы «Урбаны» і Браслаўскага ДТСААФ у мінулую суботу вучні 5 – 10 класаў спаборнічалі ў конкурсе агляду строю, біятлоне, веданні ваеннай тэрміналогіі і медыцыны, на хуткасць экіпіраваліся ў ахоўны касцюм з процівагазам, збіралі-разбіралі аўтамат і пісталет, стралялі ў ціры і інш. Іх суддзямі выступалі ваенныя і адзінаццацікласнікі.

– Правядзенню гульні папярэднічала падрыхтоўка. У пятніцу дзеці сабраліся ў спартзале, падзяліліся на тры каманды, абралі камандзіраў і пачалі рыхтавацца: вучыліся апранаць касцюм, процівагаз, хадзіць строем. Настолькі захапіліся, што не хацелі разыходзіцца, а ў суботу, нягледзячы на тое, што пачатак быў запланаваны на 10 гадзін раніцы, пачалі прыходзіць з 8, – расказаў ініцыятар мерапрыемства настаўнік Вячаслаў Кроп. – Настрой напачатку крыху сапсаваў моцны мароз, але мы змаглі чаргаваць вулічныя этапы гульні з заданнямі ў памяшканні, таму ніхто не скардзіўся. Дзеці вельмі захапіліся гульнёй, асаблівы настрой надавала прысутнасць пагранічнікаў з сабакам, якія напачатку правялі паказальныя выступленні.

Кульмінацыяй жа ўсяго мерапрыемства стаў захоп штаба праціўніка. Кожная каманда атрымала свой сцяг і адпаведнага колеру паветраныя шарыкі замест адметных знакаў… Тут і пачалася весялосць! Школьнікі з імпэтам бегалі адзін за адным, ладзілі планы і стратэгіі па абароне і захопе. Аднак трэба аддаць належнае: адбывалася ўсё ў сяброўскай атмасферы.

Завяршылася гульня салодкім сталом, уручэннем грамат і дыпломаў пераможцам і ўдзельнікам.

– Мы вельмі ўдзячны, што школьную ідэю падтрымалі і прыехалі да нас у госці і пагранічнікі з Урбан, і старшыня савета Браслаўскага ДТСААФ Алена Бялюн. Дарэчы, у нашай установе дзейнічаюць дзве пярвічкі ад гэтай грамадскай арганізацыі і восенню яны дапамаглі нам закупіць турыстычны рыштунак. Адгукнуліся і на гэты раз ды падтрымалі саладосцямі. Па ўсім было бачна, што дзеці засталіся ў захапленні ад гульні, а значыць, будзем працягваць і далей гэтую традыцыю, – адзначыў В. Кроп. ■

Алена НАБЕЕВА