Павагу заслужыла шчырай працай. Валянціна Папкова – дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу

VI Усебеларускі народны сход
Адным з дэлегатаў ад Браслаўскага раёна на VI Усебеларускі народны сход абрана Валянціна Папкова – загадчык Пагашчанскага фельчарска-акушэрскага пункта, медык з больш чым 30-гадовым стажам.

Турботную пасаду загадчыка ФАПа жанчына заняла ў 1989 годзе. У зоне яе абслугоўвання аж 18 вёсак. Тым не менш, нягледзячы на вялікую колькасць жыхароў, за гады працоўнай дзейнасці В. Папкова вывучыла ўсіх сваіх падапечных. Для многіх яна як член сям’і, па-іншаму не скажаш, асабліва ўлічваючы, што праз яе рукі прайшлі розныя пакаленні вяскоўцаў. «З раніцы вядзеш прыём ва ўстанове, у другой жа палове дня трэба адпраўляцца на выклікі. Не адмаўляеш і ў кансультацыі па тэлефоне, бо нумар ёсць, напэўна, у кожнага. Медык на сяле і першым сустракае чалавека ў жыцці, і першым праводзіць у апошні шлях. На гэтым месцы ты не можаш быць абыякавым, прапускаеш праз сябе і боль, і радасць пацыента. Разам змагаешся за кожны крок да выздараўлення і шчыра смуткуеш, калі ў чалавека здараецца гора», – кажа Валянціна Папкова.

Але вопытны спецыяліст прызнаецца, што адзін у полі не воін. Вялікая ўвага да якасці медыцынскага абслугоўвання сельскага насельніцтва ўдзяляецца з боку кіраўніцтва ЦРБ і мясцовай улады. «Галоўны ўрач установы Аляксандр Макарэвіч перш за ўсё цікавіцца наяўнасцю медыкаментаў на ФАПе, бо пакуль «хуткая дапамога» даімчыць да нас, ты на перадавой адстойваеш жыццё і здароўе, таму павінен быць гатовым да развіцця любой сітуацыі. У цеснай звязцы мы і са старшынёй сельгаспрадпрыемства «Маяк Браслаўскі» Рамуальдам Шукялём, які заўсёды цікавіцца патрэбнасцямі медустановы, а пры неабходнасці абследавання ў Полацку, Віцебску ці Мінску заўжды выдзяляе транспарт для пацыентаў. У курсе нашых паўсядзённых спраў, безумоўна, і старшыня сельсвета Ала Даніліна. Разам з ёй мы клапоцімся пра пажылых і адзінокіх, пра наладжванне іх своечасовага медабслугоўвання», – адзначае дэлегат сходу.

Валянціна Дамінікаўна – паважаны чалавек сярод аднавяскоўцаў і калег. Не адзін год выбіралася і цяпер з’яўляецца дэпутатам Опсаўскага сельскага Савета дэпутатаў, землякі ёй давяраюць і вырашаць паўсядзённыя клопаты ў якасці старэйшыны аграгарадка. За высокі прафесіяналізм, значны ўклад у захаванне здароўя насельніцтва Браслаўскага раёна В. Папковай прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны», неаднаразова жанчына ўзнагароджвалася ганаровымі граматамі Міністэрства аховы здароўя, Віцебскага аблвыканкама і Браслаўскага райвыканкама. Пад яе кіраўніцтвам Пагашчанскі ФАП быў прызнаны пераможцам па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу ў намінацыі «Лепшы фельчарска-акушэрскі пункт».

«Безумоўна, мне прыемна і хвалююча, што мяне абралі дэлегатам на Усебеларускі народны сход. Думаю, што ў кожнага ўдзельніка свае чаканні ад такога маштабнага форуму. Як спецыяліста мяне ў першую чаргу цікавяць пытанні развіцця медыцынскай сферы, удасканалення і павышэння даступнасці медыцынскага абслугоўвання, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, непакоіць і дэмаграфічная сітуацыя. А як жыхарку сельскай мясцовасці клапоціць развіццё малых населеных пунктаў, іх добраўпарадкаванне, развіццё інфраструктуры. Думаю, што падчас сходу кожны ўдзельнік знойдзе адказ на важныя для яго пытанні, а вынікам форуму стане прыняцце ўзважаных рашэнняў у многіх сферах дзейнасці», – лічыць Валянціна Папкова. ■

Алена НАБЕЕВА