«Калядныя ўзоры». Глядзіце, якая крутая выстаўка працуе ў Браславе

Отдых
Самая творчая, сямейная і добрая выстаўка работ майстроў і мастакоў народнага клуба «Ля возера» сёлета адкрылася 25-ы раз.

На жаль, сучасныя ўмовы не дазволілі сабраць на ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі шмат браслаўчан, аднак абмежаваная колькасць першых наведвальнікаў усё ж такі была, у тым ліку арганізатары і некаторыя майстры. Праўда, у музеі паклапаціліся таксама пра даступнасць урачыстасці ўсім жадаючым і зрабілі анлайн-трансляцыю.

Увогуле сёлета гэтая выстаўка праходзіць пад назвай «Зімовы настрой», што адчуваецца ў многіх вырабах. Цэнтральную частку займае бела-блакітнае пано Марыны Марозавай, якая толькі асвоіла ткацтва, але ў яе атрымліваюцца шыкоўныя па акуратнасці і колеравай гаме работы. Сярод новых імёнаў – Галіна Бурко, якая прадставіла аўтарскія навагоднія цацкі з ваты. Здзіўляюць і фантазійныя фігуркі Галіны Сплашновай з воўны і палімернай гліны. З’явіўся ў Браславе і яшчэ адзін майстар, які працуе са скурай, – Аляксандр Бацюк, ён пераехаў з Барысава і адразу пасябраваў з клубам «Ля возера». Далучыліся да дарослых творцаў і маленькія: гэта дзеці, якія займаюцца ў студыі «Акварэлька» пад кіраўніцтвам Галіны Ставіцкай.

– На гэтай выстаўцы прадстаўлены творы 37 майстроў, напрыклад, пяшчотныя акварэлі Аліны Трукан, лялькі Вольгі Лысёнак, кераміка Валерыя Зінкевіча, цацкі Марыны Корсак, жывапіс Зоі Кальцовай, карціны Галіны Ставіцкай – усіх не пералічыць. І мы вельмі ўдзячны нашым майстрам і мастакам за іх творчаць. Яшчэ раз пераконваюся, наколькі ж у нас таленавітыя людзі! – адзначыла кіраўнік клуба Наталля Парахневіч. – Падчас адкрыцця мы правялі галасаванне на лепшага анёлка ручной работы, якімі ўпрыгожана наша ялінка: перамагла Ганна Жылевіч, адзначаны таксама Марыя Дворская і Валянціна Архіпенка.

Выстаўка «Калядныя ўзоры» будзе працаваць да канца студзеня, і гэта добрая магчымасць правесці з карысцю вольны час усёй сям’ёй. ■

Алена НАБЕЕВА