Браслаўчанін расказаў пра няпростую працу зваршчыка

Люди
Асаблівасцю прафесіі зваршчыка з’яўляецца тое, што такім людзям даводзіцца працаваць у даволі няпростых умовах: на спёцы і холадзе, пад снегам і дажджом, у пыльных і душных памяшканнях, на вышыні… Акрамя таго, электрычныя дугі і ультрафіялетавае выпраменьванне ўплываюць на зрок, а ўдыхаемыя пары газу ці пыл могуць выклікаць спецыфічныя захворванні. Па гэтых прычынах зваршчык адносіцца да прафесій з катэгорыі павышанай небяспекі. На беларускім рынку працы сярод найбольш запатрабаваных у цяперашні час спецыялістаў знаходзяцца і зваршчыкі.

Нягледзячы на мінусы спецыфікі дадзенай прафесіі, электрагазазваршчык чацвёртага разраду аўтатранспартнага прадпрыемства № 18 Уладзімір Стальмачонак любіць і ўмее плавіць і злучаць металічныя вузлы любой складанасці, карыстацца разаком. Тым больш што прапісной ісцінай ён лічыць выказванне наконт таго, што лёгкай работы ўвогуле не бывае, калі адносіцца да яе шчыра і старанна.

Дарэчы, па словах галоўнага інжынера аўтатранспартнага прадпрыемства Івана Пальчэўскага, найперш за гэтыя якасці і цэняць у арганізацыі Уладзіміра Стальмачонка, а яшчэ за высокі прафесіяналізм. «Граматны спецыяліст, — лаканічна заўважае Іван Пальчэўскі, — прычым не толькі як зваршчык, а і як механізатар, слесар».

Ураджэнец Друйска, сваё першае прафесійнае пасведчанне трактарыста-экскаватаршчыка Уладзімір атрымаў у Друйскім СПТВ і хутка ўліўся ў рады прызыўнікоў. Пасля армейскай службы ён вярнуўся на сваю малую радзіму і працаваў трактарыстам у мясцовым калгасе. Паралельна прайшоў курсы пры Віцебскім матора-рамонтным заводзе і атрымаў спецыяльнасць электрагазазваршчыка. Таму не дзіўна, што У. Стальмачонак аднолькава ўдала валодае тэхналагічнымі прыёмамі зваркі электродамі ці газазварачнай апаратурай розных металаў і разбіраецца ў механізмах тэхнікі.

Спраў для зваршчыка ў аўтабазе заўжды хапае. Аўтобусны парк тут досыць свежы, а вось грузавыя МАЗы пастаянна патрабуюць прыкладання сіл, бо выходзяць са строю не толькі дэталі, вузлы і агрэгаты, ад часу эксплуатацыі і вялікай нагрузкі не вытрымлівае і «жалеза», на якім звязаны і замацаваны ўсе механізмы. Каб прадоўжыць тэрмін службы самазвалаў, з дапамогай зваркі Уладзімір «лечыць» іх балючыя месцы. Між іншым ён заўважае, што падчас сур’ёзных паломак згуртавана працуе рамонтная група ў складзе вадзіцеля, слесараў, токара, зваршчыка і электрыка.

За У. Стальмачонкам таксама замацаваны 2 адзінкі тэхнікі — трактар з адвалам і экскаватар. На трактары са шчоткай і лапатай ён даглядае тэрыторыю аўтабазы, з прычэпам — пастаўляе дровы для ўласнай кацельні. Экскаватар запатрабаваны менш, але ўсё роўна заўжды напагатове, штогод без праблем праходзіць тэхагляд. А яшчэ з вясны па восень Уладзімір як механізатар аказвае шэфскую дапамогу сельгаспадарчаму прадпрыемству ў родным Друйску: на энерганасычаным трактары ўзорвае глебу пад сяўбу, затым на КВК нарыхтоўвае кармы, восенню чапляе дыскатар ці зноў плугі. А сёлета падчас жніва У. Стальмачонак сеў і за штурвал «Палесся». Гэты навык, набыты даўно, калі хлопец быў яшчэ памочнікам камбайнера ў бацькі, так сама спатрэбіўся.

У дадзены момант на тэрыторыі аўтабазы Уладзімір займаецца на першы погляд разбуральнай працай — рэжа на металалом старэнькі аўтобус, які практычна цалкам паела ржа. Але і гэту работу выконвае з уласцівай яму стараннасцю: разбірае «Радзіміч» так, каб захаваць любыя дэталі і вузлы, якія яшчэ могуць спатрэбіцца. ■

Казімір ПЯТУШКА