«Не сабраць вырашчаны ўраджай нельга». У «Мяжанах» галоўны інжынер кожную ўборачную садзіцца за руль камбайна

Люди
Нарэшце ўборачная кампанія на Браслаўшчыне падышла да свайго лагічнага завяршэння. Па інфармацыі райсельгасхарча, на раніцу панядзелка ў раёне ўбралі 96,8 % плошчаў збожжавых і зернебабовых культур.

У «Мяжанах» на гэтую дату заставалася 15 неабмалочаных гектараў. Дажынкі затрымліваюцца праз неспрыяльнае надвор’е. Ва ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы прымалі ўдзел 4 камбайны. На адным з іх працуе Пётр Сташэўскі.

Нягледзячы на тое, што Пётр мае вышэйшую адукацыю і працуе галоўным інжынерам, ён добра ведае, што сельгаспрадпрыемства адчувае востры недахоп у кадрах, і таму без асаблівых ваганняў садзіцца за руль любой тэхнікі. Лічыць, што, калі мае магчымасць дапамагчы гаспадарцы, трэба ёю скарыстацца. Калісьці на камбайне працаваў бацька Пятра, а сын быў у яго памочнікам. Гады ішлі, малады механізатар набіраўся вопыту і ўжо праз некаторы час сам сеў за руль збожжаўборачнай машыны.

Як і належыць інжынеру, П. Сташэўскі добра разбіраецца ў тэхніцы, без праблем рамантуе яе, дапамагае з гэтым і іншым вадзіцелям.

— Тэхніка ў нас даволі зношаная, яна ўжо, можна сказаць, выпрацавала свой ліміт, але іншай мы не маем, таму кожны дзень прыходзіцца завіхацца ля трактароў і камбайнаў, каб падтрымліваць іх на хаду, — кажа субяседнік. — І, нягледзячы на ўсе цяжкасці, кожны з нас разумее, што нельга не сабраць вырашчаны ўраджай, як нельга і не пасеяць новы. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ