Самабытны падворак, танцы і «жывыя скульптуры». Чым браслаўчане здзіўлялі «Славянскі базар»

Главное
Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар» прайшоў з 16 па 19 ліпеня ў Віцебску. Сёлетняе мерапрыемства стала 29-м па ліку з дня заснавання. На чатыры дні фестывальны горад стаў адкрытай пляцоўкай для артыстаў, музыкантаў, мастакоў і майстроў народнай творчасці. Свой творчы ўклад у агульную скарбонку культурнага і духоўнага адзінства зрабіла і прадстаўнічая дэлегацыя Браслаўшчыны.
ЗАПРАШАЕ АЗЁРНЫ КРАЙ

Прайсці міма бела-блакітных колераў падвор’я браслаўчан на фестывалі было проста немагчыма! Як заўсёды, нашы землякі змаглі здзівіць і парадаваць наведвальнікаў свайго гасціннага кутка.

— Кожны год мы імкнёмся расказаць пра раён, паказаць культурныя традыцыі, адметнасць нашага краю, праводзім майстар-класы па рамёствах. Абавязкова ўключаем у праграму дэгустацыі прадукцыі мясцовых вытворцаў, расказваем пра турыстычны патэнцыял і славутасці, — кажа намеснік дырэктара РЦК Алена Зубко. — Сёлета работнікі культуры Браслаўшчыны таксама годна трымалі марку, наша падвор’е не пуставала, людзі з цікавасцю заходзілі да нас. Акрамя гэтага, творчыя калектывы прынялі ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах у межах міжнароднага фестывалю.

На падвор’і гасцей сустракалі народны ансамбль беларускай песні «Сябрына» Ахрэмаўскага ЦНК, клуб народнай гульні і кухні «Богінскія спрытнянкі», культработнікі Іказненскага СДК, народны тэатр і тэатр жывой скульптуры РЦК, народны тэатр гульні «Лёлі», супрацоўнікі музея традыцыйнай культуры, браслаўскі цэх па вытворчасці сыру і філіял «Браслаўрыба» Глыбоцкага МКК. Наведвальнікаў забаўлялі песнямі, гульнямі, арганізавалі для іх фотазону з «жывымі скульптурамі», падрыхтавалі мясцовыя стравы і вырабы браслаўскіх прадпрыемстваў, майстры вучылі ўсіх жадаючых традыцыйным рамёствам.

Годна на сцэнічнай пляцоўцы браслаўчане абаранілі і творчую прэзентацыю раёна, у якой яны расказвалі не толькі пра прыгажосць нашых мясцін, але і пра гасціннасць ды ветлівасць мясцовых жыхароў.

ПРЭЗЕНТАЦЫІ І КОНКУРСЫ

Штогод у рамках фестывалю адбываецца шэраг конкурсных праграм, прэзентацый, пленэраў. Прадстаўнікі Браслаўскага раёна абавязкова прымаюць удзел у іх. І, трэба адзначыць, не застаюцца без дыпломаў.

У маштабным пленэры майстроў народных мастацкіх рамёстваў па дэкаратыўным жывапісе прыняла ўдзел супрацоўнік Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Ларыса Дарафейчык. На працягу некалькіх дзён творцы з усёй Беларусі абменьваліся вопытам па стварэнні маляваных дываноў, а ў канцы пленэру адбылася творчая прэзентацыя іх работ. Акрамя таго, для ўдзельнікаў былі арганізаваны экскурсіі ў музеі Віцебска і па славутых мясцінах.

— Пленэр даў магчымасць адчуць важнасць той справы, якой мы займаемся. Як вядома, маляваныя дываны маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Не так шмат майстроў валодае гэтай тэхналогіяй. У нашай сустрэчы прынялі ўдзел толькі 17 чалавек з усёй краіны. Мы змаглі пасябраваць і шмат чаму навучыцца адзін у аднаго, — падзялілася ўражаннямі Ларыса Дарафейчык.

Па традыцыі на фестывалі правялі і абласны конкурс народнай музыкі і прыпеўкі «А музыкі граюць, граюць…». Каторы год запар у ім удзельнічае кіраўнік аўтаклуба Рэгіна Балтруковіч, якая ведае не адзін дзясятак народных прыпевак. Пад акампанемент музыканта Пятра Кухаронка яна прайшла ў другі тур конкурсу і атрымала дыплом «За зберажэнне і захаванне музычнай спадчыны» ў намінацыі «Лепшая прыпевачніца».

Сваю забаўляльную пастаноўку з гульнямі і жартамі вазіў на агляд-конкурс гульнявых праграм «Вясёлкавы карагод» і народны тэатр гульні «Лёлі». Вынікі мерапрыемства пакуль яшчэ не падвялі, аднак артысты калектыву спадзяюцца на ўдалае выступленне. Затое прыемную навіну пра перамогу ў дзвюх намінацыях адразу пасля конкурсу даведалася харэограф РЦК Святлана Кажапенька, якая выступала ў 7-м адкрытым турніры нацыянальных танцаў. Напачатку разам з напарнікам Дзянісам Лёўкінам яны сталі фіналістамі парнага спаборніцтва, а пасля Святлана выступіла ў танцавальным батле сольна.

— Некалькі гадзін танцавальнага марафону з невялікімі перапынкамі для адпачынку — складана, — шчыра прызналася яна. — Аднак калі раз за разам ты праходзіш у наступны этап, то бярэ гордасць за свой раён, і гэта дадае сілы для выступлення. Разам з Дзянісам мы прайшлі ў фінал, за выхад у які змагаліся больш за 60 пар з Віцебшчыны, Гомельшчыны, Магілеўшчыны і г. Мінска. Нам давялося выканаць звыш 10 побытавых танцаў. І мы задаволены, што змаглі трапіць у фінал.

Індывідуальна ж Святлане давялося выконваць танцы «Сямёнаўна» і «Сербіянка». Яна ператанцавала ў імправізацыі сваіх саперніц і атрымала два дыпломы 1 ступені.

ДЗЕНЬ МОЛАДЗІ

Дэлегацыя Браслаўскага райкама БРСМ таксама прыняла ўдзел у святкаванні Дня моладзі на фестывалі.

— Дзень моладзі — гэта агульная пляцоўка для актывістаў БРСМ з усёй вобласці. Кожны імкнецца паказаць, чым захапляецца і цікавіцца моладзь у сваім раёне. Мы з дапамогай тэатра жывой скульптуры РЦК арганізавалі інсталяцыі, дзе наведвальнікі маглі зрабіць фотаздымак і ўвогуле пазнаёміцца з гэтым арыгінальным жанрам, — расказала першы сакратар райкама Надзея Плясун.

— Акрамя гэтага, падрыхтавалі пастаноўку на ваенную тэму, якая стала ўпрыгажэннем патрыятычнай акцыі і ўскладаннем кветак да мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі з разваротам палатна «Беларусь памятае», на які нанесены імёны герояў.

Гонару прыняць удзел у акцыі «Паштоўка.БЕЛ» была ўдастоена і спецыяліст райкама Карына Панасюк, якая разам з лепшымі актывістамі вобласці дала старт сумеснаму праекту БРСМ з РУП «Белпошта». У яго рамках былі прэзентаваны паштоўкі «За Беларусь!» з выявамі архітэктурных збудаванняў, узведзеных пад патранатам Галавы дзяржавы з удзелам студатрадаў.

Апрача гэтых мерапрыемстваў, браслаўская моладзь паўдзельнічала ў розных інтэрактыўных пляцоўках, спаборніцтвах і натхнілася на новыя мерапрыемствы і формы іх правядзення.

ПАБЫВАЛІ НА КАНЦЭРТАХ

Штогод прафсаюзныя арганізацыі Браслаўскага раёна арганізоўваюць паездкі на фестываль «Славянскі базар». Такія прапановы не застаюцца незаўважанымі, а білеты карыстаюцца попытам. Сёлета браслаўчане таксама адправіліся ў Віцебск. Звычайна паездку на канцэрт сумяшчаюць з прагулкамі па святочным горадзе. Як расказала прафарганізатар Святлана Усава, у Браслаўскім цэху па вытворчасці сыроў выезды на фестываль сталі добрай традыцыяй. Кожны раз работнікі імкнуцца паглядзець новых артыстаў і ўвогуле акунуцца ў святочную атмасферу. На гэты раз прафсаюз набыў білеты на заключны канцэрт фестывалю, на якім пабывалі 15 супрацоўнікаў. Калектыў у складзе 20 чалавек з раённага аб’яднання работнікаў адукацыі і навукі таксама пабываў на канцэрце «Славянскі хіт» — міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск – 2020». Па словах старшыні аб’яднання Святланы Сімановіч, паездкі на фестываль заўсёды запатрабаваныя, а сёлета нават не хапіла білетаў усім жадаючым. Пабывалі на выступленнях артыстаў і прадстаўнікі іншых прафсаюзных пярвічак Браслаўшчыны. ■

Алена НАБЕЕВА