Іван Чарноў больш за 20 гадоў працуе на энерганасычанай тэхніцы у Браслаўскім райаграсэрвісе

Люди
На сённяшні дзень у Браслаўскім райаграсэрвісе пагалоўе буйной рагатай жывёлы невялікае, таму і плошчы сенажацей найменшыя сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. Сёлета ёсць упэўненасць, што тая жывёла, якая засталася ў гаспадарцы, не будзе стаяць зімой у стойлах галоднай. На раніцу пятніцы тут нарыхтавана 17,29 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву, што ў 3 разы больш, чым летась.На сённяшні дзень у Браслаўскім райаграсэрвісе пагалоўе буйной рагатай жывёлы невялікае, таму і плошчы сенажацей найменшыя сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна. Сёлета ёсць упэўненасць, што тая жывёла, якая засталася ў гаспадарцы, не будзе стаяць зімой у стойлах галоднай. На раніцу пятніцы тут нарыхтавана 17,29 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву, што ў 3 разы больш, чым летась.

Пакуль дазваляла надвор’е, упор у таварыстве зрабілі на нарыхтоўку сена. Скошаныя касілкамі травы на другі дзень варушылі грабілкі, а на трэці спрасаваныя рулоны ўжо адвозілі ў прыстасаваныя сенасховішчы. І такім чынам райаграсэрвіс заклаў сухіх травяністых кармоў амаль у чатыры разы больш за планавыя лічбы. А вось нарыхтоўку сенажу і сіласу арганізацыя вядзе аб’яднаным атрадам з ААТ «Слабодка-агра». Таму на закладку траншэі патрэбна не больш за два дні.

Плённа на корманарыхтоўцы працуе Іван Чарноў. Пачынаў яе на касілцы КПР-9, якая па прадукцыйнасці замяняе некалькі трохмятровых. Затым трамбаваў сянаж, некалькі дзён «хадзіў» з прэсам, а цяпер дапазна звозіць з палёў сена. У механізатара звыш 20 гадоў стажу ў аграсэрвісе, і ўвесь гэты час ён працуе на энерганасычанай тэхніцы з плугамі, дыскатарам, сеялкай, карацей кажучы, з усімі шыроказахопнымі і высокапрадукцыйнымі агрэгатамі. Напрыклад, сёлетняй вясной І. Чарноў спачатку рыхтаваў глебу, затым сеяў, так і паклаў адзін зерне ў рыхлую ніву на ўсёй плошчы яравога палетка — амаль 450 га.

Па словах дырэктара акцыянернага таварыства Аляксандра Міхайлава, механізатар выдатна выконвае ўсе сельскагаспадарчыя аперацыі, хвалюецца, калі па нейкіх прычынах здараецца прастой. Дарэчы, сфатаграфаваць шчырага працаўніка акцыянернага таварыства, які на вялікім прычэпе звозіў з сенажацей сухія кармы, давялося ў час паломкі яго трактара. Іван якраз быў заняты рамонтам, магчыма, таму быў не вельмі ахвочы хоць на некалькі хвілін адцягнуць сваю ўвагу ад «хворага» месца энерганасычанай машыны, каб зрабіць здымак і крыху пагутарыць. ■

Казімір ПЯТУШКА