Пенсіянер Эдуард Войчас — надзейны памочнік сельгаспрадпрыемства

Люди
Ужо больш за сорак гадоў механізатар ААТ «Агравідзы» Эдуард Войчас адданы сваёй справе, гаспадарцы і малой радзіме. Штодзень ён уносіць важкі ўклад у агульную сельскагаспадарчую справу.

Эдуард ужо пенсіянер, але і сёння ён надзейны памочнік для сельгаспрадпрыемства. Не сядзіцца яму без справы, а работы хапае заўсёды. Працоўны дзень у механізатара насычаны і зімой, і летам. Э. Войчас на сваім «Ягуары» развозіць кармы для жывёлы на комплексе «Відзы-Лаўчынскія». Яго працоўны дзень пачынаецца раніцай а палове пятай. У пяць ён ужо запаўняе бункер сакавітым кормам для буронак і развозіць яго па будынках фермы.

Пасля таго, як пакарміў статак, запраўляе свайго жалезнага каня і снедае сам. У 11 гадзін Эдуард ужо развозіць абеды для сваіх падапечных, а ў 17 — вячэру. У прамежках паміж кармленнямі час таксама заняты: то зялёнку да кароў на поле трэба падвезці, то тэхніку падрамантаваць.

— «Ягуар» мой ужо 11 гадоў працуе без перадыху: ні на водпуск, ні на выхадныя не спыняецца. Выпрацаваў ужо свой рэсурс. Добра толькі, што я ў яго лёсе адзіны,— усміхаецца суразмоўца. — Ведаю ўсе яго «капрызы» ды «балячкі». А ламаецца ён цяпер, на жаль, усё часцей і часцей. Патрабуе да сябе шмат увагі.

Эдуард Войчас працуе сумленна. Кажа, што прывык да сельскага жыцця з яго раннімі пад’ёмамі, бясконцымі справамі, рамонтам тэхнікі і іншай работай. Вопыту яму не займаць, і ён з радасцю дзеліцца бясцэннымі ведамі з маладымі механізатарамі. Сваім асабістым прыкладам паказвае, як працаваць так, каб цябе паважалі.

Дома ў селяніна вялікая гаспадарка: карова, свінні ды куры, немалы агарод. А калі выпадае зімой некалькі вольных дзён, то траціць Эдуард іх на любімую справу — рыбалку. Там і душой адпачывае, і фізічна. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ