Таленавітая дачка браслаўскай зямлі Аліна Трукан: «Лёс вядзе мяне да мастацтва»

Люди
Цяпер у музеі традыцыйнай культуры ладзіцца выстаўка таленавітай дачкі браслаўскай зямлі, дбайнай гаспадыні, клапатлівай жонкі і маці трох сыноў — мастачкі Аліны Трукан. Дарэчы, паралельна з гэтай экспазіцыяй, яе акварэллю захапляюцца ў далёкай Італіі — у г. Фабрыяна на прэстыжным міжнародным арт-фестывалі.

— Мы планавалі з мужам паехаць туды. Я марыла пабываць на майстаркласах і лекцыях у прызнаных майстроў акварэлі, пазнаёміцца з аднадумцамі, але пандэмія ўнесла свае карэктывы ў планы, — прызнаецца Аліна Трукан. — Спадзяюся, што гэта не апошняя магчымасць…

Прайсці адбор сярод беларускіх мастакоў і атрымаць права трапіць у лік тых, хто прадставіць нашу краіну на міжнародным форуме ў Італіі — высокая адзнака таленту. Гэта форум мастакоў з усяго свету, дзе прадстаўлены лепшыя акварэлі. Па прызнанні А. Трукан, гэта дало ўпэўненнасць у сілах і адчуванне, што яна ідзе ў правільным накірунку.

— Мой шлях у мастацтва не быў хуткім. Я з простай сям’і, з маленькай вёсачкі, — кажа мастачка, знаходзячыся ў атачэнні сваіх карцін на персанальнай выстаўцы. — Пасля ўдзелу ў конкурсе малюнкаў у Доме піянераў у Браславе з удзелам спецыялістаў з Мінска, куды паехала, не маючы нават уласных алоўкаў, я раптам атрымалала запрашэнне прадоўжыць вучобу ў Мінску, у школе-інтэрнаце імя Ахрэмчыка, і там, ледзь паспеўшы здаць адзін з уступных экзаменаў, цяжка захварэла. Аднак мне дазволілі прыехаць на іспыты крыху пазней.

Праз месяц Аліна зноў паехала ў школу-інтэрнат. На экзамене павінна была выканаць заданні па малюнку, жывапісе і кампазіцыі. Цікава, што маці ўвесь час чакала яе на калідоры, але выкладчык, даведаўшыся, што яна цялятніца, а значыць, і не зможа дапагчы, дазволіў прысутнічаць у экзаменацыйнай зале. Каб неяк прабавіць час, жанчына таксама ўзяла паперу, алоўкі і пачала маляваць. Яе работы экзаменатары заўважылі і здзівіліся таленту, а Аліна прызнаецца, што нават і не ведала, як мама ўмее прыгожа маляваць, бо ніколі не бачыла маму за творчасцю: яна шмат працавала. Творчая жылка была і ў бацькі: ён захапляўся гармонікамі, збіраў іх, рамантаваў.

Так склаўся лёс, што Аліна Трукан хоць пасля заканчэння школы і здала экзамены ў Акадэмію мастацтваў, але на вучобу ў сталіцу не паехала. Яна стала працаваць у Пеліканах у мясцовай школе. Тут сустрэла сваё каханне, нарадзіла трох сыноў. Яна поўнасцю аддалася сям’і, але і ад жывапісу адмовіцца не змагла. «Калі не працавала, то малявала», — успамінае яна.

Доўгі час рабіла гэта для себе, у падарунак сябрам, аднавяскоўцам. Потым да яе звярнуліся з нечаканай просьбай: аднавіць стары абраз Маці Боскай у Пеліканскім касцёле. І жанчына, нягледзячы на пэўную асцярогу, усё ж такі ўзялася за работу. Свякроў даглядала дзяцей, пакуль яна працавала. Пазней, атрымаўшы благаслаўленне біскупа Уладзіслава Бліна, яна выканала яшчэ не адзін абраз для браслаўскіх святынь.

— Мае дзеці выраслі годнымі людзьмі. Я маю 7 унукаў. У гэтым я шчаслівы чалавек.

Цяпер вось персанальная выстаўка «Мае сны». На ёй прадстаўлены разнажанравыя карціны. Часам яны адлюстроўваюць мой настрой, перажыванне, эмоцыі. Нездарма і назва такая, — кажа Аліна. — Жыццё ж стала мне і настаўнікам, і адукацыяй. І па ўсім бачна: лёс вядзе мяне да мастацтва. ■