Як будавалася ГЭС «Дружба народаў» пад Дрысвятамі

Калейдоскоп
Значнай падзеяй ў гісторыі развіцця Браслаўскага раёна стала адкрыццё гідраэлектрастанцыі «Дружба народаў» у Дрысвятах (на той час Відзаўскага раёна). Пабудавалі яе крыху больш, чым за год. Урачыстасці з нагоды закладкі першага каменю ў падмурак прайшлі 8 чэрвеня 1952 года.

Некалькі гадоў назва маленькіх Дрысвят не зыходзіла са старонак газет Беларусі, Латвіі і Літвы. Будаўнітцтва электрастанцыі стала падзеяй міжнароднаго ўзроўню. Ёй прысвячалі вершы і раманы пісьменнікі. А пачалося ўсё восенню 1951 года…

ВЫЗНАЧАЛЬНЫ СХОД

У лістападзе 1951 года адбыўся сход прадстаўнікоў трох суседніх калгасаў: імя Молатава Відзаўскага раёна, імя Міцкевіча Дукштаўскага раёна Літвы і імя Свярдлова Грыўскага раёна Латвіі, на якім было прынята рашэнне аб будаўніцтве агульнымі сіламі міжкалгаснай ГЭС. У знак непарушнай дружбы ёй было вырашана прысвоіць назву «Дружба народаў». Ініцыятыва была адобрана Саветамі Міністраў Беларусі, Латвіі і Літвы. Адразу ж разгарнуліся падрыхтоўчыя работы. З цягам часу да будаўніцтва далучыліся яшчэ іншыя калгасы і сельгасарцелі бліжэйшых раёнаў. Будаваць было вырашана на месцы старога млына. Геолагі, тапографы, электрыкі, инжынеры рыхтавалі неабходныя праекты. Навіна пра тое, што ў Дрысвятах будзе будавацца ГЭС, хутка дайшла да Масквы. Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР выдзеліла ўніверсальны апарат «Сула» і яшчэ некаторую неабходную тэхніку.

ЗАКЛАДКА ПЕРШАГА КАМЕНЮ

Ужо 1 чэрвеня гатовы праект быў прадстаўлены на міжкалгасны савет. Планавая магутнасць ГЭС складала 300 кілават, а да 8 чэрвеня мінскія інжынеры перанеслі яе праект на мясцовасць.

У вызначаны дзень на ўрачысты мітынг, прысвечаны закладцы першага каменю, прыехалі латышы, беларусы, літоўцы. Вось як пісала прэса пра той момант: «Дзень 8 чэрвеня надоўга запомняць жыхары Дрысвят і навакольных вёсак. З раніцы сюды пачалі прыбываць аўтамашыны, упрыгожаныя лозунгамі, кветкамі. На бартах грузавікоў — заклікі, напісаныя на беларускай, латвійскай, рускай і літоўскай мовах. Латышы, беларусы, літоўцы моцна абдымаюцца, паціскаюць адзін аднаму рукі, групамі адпраўляюцца на будаўнічую пляцоўку. Мільгаюць вопраткі нацыянальных касцюмаў, грыміць духавы аркестр. На пляцоўцы — больш за тры тысячы чалавек».

БУДАЎНІЦТВА

Работы па ўзвядзенні ГЭС пачаліся адразу ж. Яшчэ з зімы сталі падвозіць да месца будучай будоўлі неабходныя матэрыялы. Тут жа ўзводзіўся будаўнічы пасёлак з інтэрнатам, домам культуры, цырульняй, майстэрнямі, гаражамі і інш.

Для павышэння ўзроўню вады ў возеры Дрысвяты было знойдзена арыгінальнае рашэнне: ніжэй зліцця рэк Апівардка і Дрысвяціца ставілася плаціна. Згодна з праектам, пасля таго, як плаціна перакрые вадаток, павінна было затапіцца 225 га зямлі, а ўзровень вады падымаўся на 60 см. Усе выхады з возера перакрываліся дамбамі, а былыя ручайкі станавіліся меліярацыйнымі каналамі. Вось так апісаны гэты працэс у адным з газетных артыкулаў: «У вусцях двух рэк Апівардка і Дрысвяціца будаўнікі узводзяць земляную плаціну з такім разлікам, каб вадою возера Апіварда папоўніць Дрысвяты. Цяпер на топкім балоце падымаецца дамба даўжынёй 180 метраў і шырынёй 40 метраў. Пройдзе некалькі дзён, і Дрысвяціца перастане існаваць, а па яе рэчышчы пацячэ р. Апівардка». Гэтая земляная плаціна была насыпана за 15 дзён.

Каб пабудаваць ГЭС, неабходна было выканаць вялікі аб’ём работ: узвесці плаціну, выкапаць 50 тыс. куб. метраў зямлі, пакласці тысячы кубаметраў бетона і бутабетона, 30 тон металаканструкцый. Начальнікам будаўніцтва быў Леанід Скарабагаты. У будаўніцтве прымалі ўдзел 10 калгасаў. Яны ж першымі атрымалі электраэнергію. Урачысты сход, прысвечаны гэтай падзеі, адбыўся 19 ліпеня 1953 года. На ім прысутнічала каля 20 тысяч чалавек. ■

Алена НАБЕЕВА