Гаспадаркі на Браслаўшчыне прыступілі да корманарыхтоўкі

Деньги
Вясна 2020 года хоць і была ранняй, але ў паўночных раёнах вельмі халоднай і зацягнутай. Спачатку нізкія тэмпературы паветра днём і асабліва ноччу не давалі аграрыям своечасова прыступіць да сяўбы, а пазней — да корманарыхтоўкі. Толькі на гэтым тыдні ўсталявалася па-сапраўднаму летняе надвор’е з высокімі тэмпературамі, што дае травастою ўрэшце пайсці ў рост. Першая касавіца стартавала і на Браслаўшчыне.

Пакуль што, расказваюць аграномы мясцовых сельгаспрадпрыемстваў, лепшыя палі не чапаюць: чакаюць буйнога росту травы, каб сабраць максімум зялёных кармоў менавіта першым укосам, бо ён, як паказвае вопыт, самы багаты.

Сёлета першай касавіцай у раёне плануецца ахапіць 17 100 гектараў. На раніцу ўчарашняга дня ў работу ўключыліся ўсе гаспадаркі раёна. Найбольшы аб’ём траў скасілі ў «Агравідзах» (380 га), «Слабодцы-агра» (241 га) і «Маяку Браслаўскім» (108 га). Пакуль, безумоўна, большая колькасць траў ідзе на корм жывёле. Па-сапраўднаму ўзяцца за нарыхтоўку сена і сенажу аграрыі Браслаўшчыны плануюць у канцы гэтага тыдня. На сённяшні дзень толькі ў пяці гаспадарках распачалі круціць у рулоны сена і назапасілі яго 44 тоны, што складае толькі 1,1 % ад плана. «Агравідзы», «Слабодка» і «Друйскі» ўжо рыхтуюць на зіму сянаж (усяго 369 тон), частку з якога ўпакоўваюць у палімерную плёнку (194 тоны).

Пра кармавыя адзінкі, назапашаныя на ўмоўную галаву жывёлы, пакуль казаць рана. Прычына гэтаму вядома агранамічнай службе: з-за зацягнутай вясны і нізкіх тэмператур травы паспяваюць прыкладна на 7 дзён пазней. Таму аграрыям трэба прыспешвацца, каб нагнаць хоць бы мінулагодні тэмп. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ