Браслаўскі мастак-самавучка: «Пішу простае чалавечае жыццё»

Люди Отдых
«Калі атрымліваў ліст з добрым водгукам ад свайго выкладчыка з Маскоўскага народнага ўніверсітэта мастацтваў, то думаў: памыліўся ён, не пра мае работы піша… А калі прыходзіў водгук з «крытыкай, то нават хацеў зламаць пэндзлі і кінуць усё», — успамінае браслаўскі мастак Чэслаў Жусель. Яго шлях у творчасць не быў простым і расцягнуўся на ўсё жыццё. Цяпер жа наш зямляк лічыцца яскравым прадстаўніком інсітнага мастацтва Віцебшчыны, прызнанага нематэрыяльнай культурнай спадчынай Беларусі.

Нарадзіўся Ч. Жусель у в. Пяткунішкі Слабодкаўскага сельсавета. Маляваць хацеў з маленства. Яшчэ дзіцём разглядаў рэдкія чорна-белыя фотаздымкі ў газетах і думаў, як жа атрымліваецца аб’ём, цень… Цяга такая вялікая была да творчасці, што неяк зімой уцёк употайкі з хаты за 7 кіламетраў у магазін, калі даведаўся, што туды прывезлі фарбы, якія на той час з’яўляліся вялікай рэдкасцю. Тым не менш мары пра мастацтва прыйшлося адкласці ўбок, калі надышло самастойнае дарослае жыццё…

Пасля таго, як не спраўдзілася яшчэ адно жаданне — стаць мараком, Чэслаў Жусель сумленна працаваў у аўтабазе. Перыядычна браўся за пэндзаль і фарбы, але на захапленне ўсё не хапала дадатковага часу. Аднак ён змог завочна скончыць народны ўніверсітэт мастацтваў у Маскве. Выпадкова даведаўся пра яго, адаслаў туды пісьмо, работы і атрымаў запрашэнне на вучобу. Напачатку скончыў трохгадовы курс, а пасля застаўся яшчэ на павышаны на аддзяленні станкавага жывапісу і графікі. У Маскве за гэты час ні разу не быў, бо вучоба ішла праз адсылку карцін і атрыманне на іх рэцэнзій і новых заданняў. У адным з лістоў выкладчык напісаў: «Вы валодаеце сваім індывідуальным почыркам, а Вашы работы я пазнаю з тысячы».

Інсітнае мастацтва (наіўнае) — галіна выяўленчага мастацтва. Гэта творчасць мастакоў, якія не маюць прафесійнай падрыхтоўкі. Яна мае характар захаплення, выражаецца інстынктыўна, непасрэдна, самабытна, суб’ектыўна, чым адрозніваецца ад твораў мастакоў-аматараў, арыентаваных на разуменне прафесійнай мовы выяўленчага мастацтва.

Толькі пасля выхаду на пенсію мужчына змог цалкам аддацца маляванню. Ды так плённа, што, акрамя выставак у Браславе, яго работы выстаўляюцца ў Віцебску і Маскве, друкуюцца ў розных кнігах і буклетах. Па выніках выставачнай дзейнасці Ч. Жусель мае некалькі дыпломаў за перамогу ў розных конкурсах.

Кожны дзень мастак устанаўлівае свой самаробны мальберт у пакоі, дастае з дзясятак пэндзляў і пачынае пісаць. Што на яго карцінах? Простае чалавечае жыццё, успаміны дзяцінства, сваякі, суседзі… «Жаданне ствараць прыходзіць падчас працы. З раніцы да абеду пішаш, а потым займаешся хатнімі справамі», — расказвае мужчына.

Карціны Ч. Жусяля знаходзяцца ў фондах Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў, набываюць іх і ў прыватныя калекцыі. «Не дзеля прыгажосці я малюю — для душы. Магчыма, хтосьці паглядзіць на іх і захоча даведацца, як жылі людзі некалькі дзесяцігоддзяў таму назад…» — прызнаецца Чэслаў Жусель.■

 

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.