«Браслаўскія Зарніцы 2020» перанесены на больш позні тэрмін

STOP COVID-19! Главное Отдых
Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы – 2020» пераносіцца з мая на больш позні тэрмін. Пра гэта «Браслаўскай звяздзе» расказалі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Як вядома, фестываль праводзіцца з 1967 года. У яго гісторыі існавання толькі аднойчы быў выпадак, калі мерапрыемства адмянілі па рашэнні абласнога кіраўніцтва. Было гэта ў канцы 70-х гадоў.

Сёлета «Браслаўскія зарніцы», на шчасце, не адмянілі, а перанеслі на больш познюю дату. Па традыцыі для ўдзелу ў фестывалі прыязджаюць творчыя калектывы з розных краін: Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Расіі і г. д. У гэтым годзе ў многіх з іх у сувязі з распаўсюджваннем COVID-19 і закрыццём з-за яго межаў суседніх краін узніклі складанасці. Зазначым, што для надання фестывалю статусу міжнароднага неабходна, каб удзел у ім прынялі прадстаўнікі не менш як 5 розных краін. Таму арганізатары прынялі рашэнне перанесці фестываль, каб захаваць яго прэстыж. Падрыхтоўка ж да яго правядзення не спыняецца.■

 

Алена НАБЕЕВА.