«Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі». Станаўленне сферы культуры

Браславскому району — 80 лет

За 80 гадоў свайго існавання Браслаўскі раён прайшоў вялікі шлях станаўлення. На яго долю выпалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны і аднаўленне мірнага жыцця. Ішло развіццё сельскіх, сацыяльных, прамысловых і будаўнічых сфер. У чарговым выпуску праекта «Браслаўшчына скрозь дзесяцігоддзі» мы расказваем вам некаторыя цікавыя факты з гісторыі культурнай галіны раёна.

Калі перагортваеш сціплыя архіўныя даныя і старыя падшыўкі газет, пераглядаеш фотаздымкі, становіцца зразумела, што культурнае жыццё на Браслаўшчыне кіпела ў кожным населеным пункце.

Сёння нам цяжка ўявіць Браслаў без двухпавярховага будынка Раённага цэнтра культуры з вялікай утульнай залай і сцэнай. Некалі ж яны размяшчаліся побач — у цяперашнім будынку гарадской бібліятэкі.

Статус раённай установы ДК атрымаў у 1944 годзе, а ўвогуле ж быў заснаваны ў 1939-м як Дом сацыялістычнай культуры. Толькі ў 1972 годзе культработнікі пераехалі ў новы дыхтоўны будынак.

Кінатэатр «Дружба» ў Браславе памятаюць многія, але ж кінасетка працавала і на сяле. Напрыклад, у 1967 годзе ў раёне было 18 сельскіх кінастацыянараў і 4 гарадскія. Сярод кінамеханікаў была таксама і жанчына — Людміла Пяткевіч, якая разам з пасведчаннем аб заканчэнні 11-гадовай Браслаўскай школы атрымала і прафесію кінамеханіка. Працавала яна ў Мяжанскім сельсавеце, і даволі паспяхова.

На многіх прадпрыемствах, пры дамах культуры, калгасах ствараліся агітбрыгады. У калгасе «Дружба», напрыклад, у яе склад уваходзілі 14 чалавек. Самадзейныя артысты выступалі не толькі перад сваімі калегамі, але і выязджалі ў суседнія сельгасарцелі.

Бурліла жыццё ў і ў іншых формах мастацкай самадзейнасці. Паўсюдна ствараліся харавыя групы. Адным з самых знакамітых быў калектыў з Опсы, асноўным ядром якога былі настаўнікі сярэдняй школы і інтэрната. Яны выконвалі песні на чатырохгалоссе, а дапамагала адточваць ім майстэрства выкладчык Браслаўскай музычнай школы Ала Клімовіч.

Папулярнымі былі таксама мастацкія конкурсы і спаборніцтвы. Так, у першым туры Усесаюзнага фестывалю самадзейнага мастацтва, прысвечанага 50-годдзю Савецкай улады, толькі ў заключным канцэрце ў Браславе прынялі ўдзел 47 калектываў, якія аб’ядноўвалі 1 877 чалавек.

На Браслаўшчыне ў розныя гады быў шырока распаўсюджаны тэатральны жанр. Акрамя папулярнага народнага тэатра пры Доме культуры, існавалі і іншыя калектывы. Напрыклад, восенню 1958 года ў Слабодцы быў створаны адпаведны гурток. Яго кіраўніком быў Міхаіл Чэркас, курыраваў і даваў парады ўдзельнікам тэатра Васіль Галкін, які нярэдка разам з іншымі браслаўскімі артыстамі прыязджаў на рэпетыцыі. Артысты ж са Слабодкі паспяхова выступалі ў Браславе, Віцебску і не раз былі адзначаны рознага кшталту ўзнагародамі.

Культработнікі актыўна працавалі для жыхароў раёна. Толькі ў 1977 годзе імі было праведзена калі 1 200 масавых мерапрыемстваў, прачытана 675 лекцый і пастаўлена 385 канцэртаў.

Кніжны фонд бібліятэкі ў Браславе ў пачатку 40-х налічваў 6 311 экзэмпляраў. Былі таксама бібліятэкі ў Ахрэмаўцах, Літоўшчыне, а ў дробных вёсках — хаты-чытальні. Падчас вайны кніжны фонд акупанты знішчылі. Браслаўская раённая бібліятэка адкрылася ў верасні 1944-га і размяшчалася ў сучасным памяшканні тэлемайстэрні па вул. Энгельса. Пачатковы кніжны фонд быў скамплектаваны за кошт кніг, сабраных сярод насельніцтва і прысланых з Урала і Масквы. Але ён пастаянна павялічваўся…

Ёсць звесткі, што ў першай палове 1977 года бібліятэкі раёна абслужылі 21 615 чытачоў, якім выдалі больш за 190 тысяч кніг.

Браслаўская музычная школа раней знаходзілася ў будынку па вул. Энгельса. У ёй нават працавалі курсы для калгасных баяністаў. Гэтая музычная ўстанова заўсёды была запатрабавана. Так, у 1982 годзе тут займаліся 135 вучняў па класах баяна, акардэона, трубы, кларнета, домры і цымбал.

Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей быў адкрыты ў 1984 годзе, а першая экспазіцыя для наведвальнікаў — аж у 1988-м. Аснову для яе склалі экспанаты, сабраныя вучнямі гарадской СШ № 1. Юныя краязнаўцы праводзілі вялікую пошукавую работу, вынікі яе былі адлюстраваны ў адкрыцці школьнага музея. Ужо ў 1967 годзе тут было многа каштоўных прадметаў, аформлены фотаальбомы і матэрыялы па гісторыі горада.

Практычны ў кожным населеным пункце праводзіліся святы Вясны, Зімы, агляды мастацкай самадзейнасці. У самім Браславе шырока адзначалі дзень Нептуна на беразе возера Дрывяты. Сапраўдным жа брэндам культуры Браслаўшчыны стала міжнароднае свята «Браслаўскія зарніцы». Так, у пастанове выканкама Браслаўскага райсавета дэпутатаў і бюро раённага камітэта Камуністычнай партыі Беларусі ад 19 чэрвеня 1953 года ёсць запіс «Аб правядзенні раённага свята песні». Першы афіцыйны фестываль, які стаў называцца «Браслаўскія зарніцы», быў праведзены ў 1957 годзе.

Алена НАБЕЕВА.

Фота з фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў.