Што думаюць браслаўчане пра свае незвычайныя імёны

Новости
Папулярны псіхолаг Дэйл Карнегі сцвярджаў, што асабістае імя чалавека — самы прыемны для яго гук на свеце. Яшчэ да нараджэння дзіцяці бацькі пачынаюць выбіраць імя, якое надзеліць малога разнастайнымі асаблівасцямі характару. Гэта з’ява настолькі цікавая і глыбокая, што ёй прысвечаны цэлы раздзел навукі — антрапаніміка. Нямала незвычайных імёнаў маюць і браслаўчане.
Русаліна ШУКЕЛЬ,

вучаніца 5 класа СШ № 2:

— Гэтае імя для мяне выбралі маці і бабуля. Яно цыганскае і азначае «шчаслівая зорка». Сябры называюць мяне русалкай. Калі была меншая, то гэта мне не вельмі падабалася. Цяпер, наадварот, задаволена сваім незвычайным імем, бо такога ў нашай школе дакладна няма. Маці заве мяне Русалінка. Як і ў русалак, адгадавала сабе доўгія валасы. Лічу, што імя дае мне творчыя схільнасці: вельмі люблю танцаваць і спяваць.


Далімір БАЛОЧКА,

вучань 2 класа Опсаўскай СШ: 

— Маці казала, што імя пачалі шукаць, калі я яшчэ не нарадзіўся, і  знайшлі ў інтэрнэце. Спадабалася Далімір, бо яно азначае «той, хто нясе мір». Родныя кажуць, што гэтае імя надзяляе мяне такімі рысамі характару, як добразычлівасць, пазітыўнасць, справядлівасць. Стараюся быць ва ўсім першым. Праўда, некаторыя аднакласнікі называюць мяне няправільна, але я на іх не крыўджуся.


Алёйзы ЯРОЦКІ,

браслаўчанін:

— Такое імя мае бацькі выбралі па святках. А калі запісвалі ў пасведчанне аб нараджэнні, то зрабілі памылку і на канцы замест «а» напісалі «ы». Але з дзяцінства родныя і сябры завуць мяне Алік. Пры знаёмстве людзі некалькі разоў перапытваюць маё імя, даводзіцца прагаворваць па складах. Тым не менш мяняць яго ніколі не думаў. Не так даўно жонка аднакласніка, якая выкладае ў сталічным універсітэце імя М. Танка, пісала доктарскую работу «Рэдкія імёны Беларусі». Увайшло туды і маё. Алёйзы — паходзіць з італьянскай мовы і абазначае «стрыманы, добразычлівы, неканфліктны». Па словах родных, я менавіта такім і з’яўляюся. А вось у дачкі з імем па бацьку здараюцца цікавыя выпадкі. Ёй заўсёды трэба быць уважлівай, калі яго запісваюць у дакументах, бо ўсе пішуць праз «а». Ды і прачытаць не могуць з першага разу. А потым цікавяцца, як завуць бацьку.


Мішэль УМПІРОВІЧ,

4 гады (са слоў маці Ірыны):

— З мужам чакалі сына Мішу, але на УГД сказалі, што будзе дзяўчынка. Так яна і стала Мішэль. У перакладзе з іўдзейскага яно азначае «падобная да Бога». Часцей дачушку называем Мішэлька, і ёй гэта вельмі падабаецца. Трэба сказаць, што пакуль імя адпавядае характару нашай дзяўчынкі: жвавая, вясёлая, любіць танцаваць і спяваць. А як складзецца яе далейшы лёс, вядома толькі Богу.


Лесана МАРТЫНАВА,

3 гады (са слоў маці Людмілы):

— Вельмі хацелася для свайго дзіцяці імя незвычайнае і не падобнае на іншыя. А гэтае прапанавала сяброўка, якая пачула яго падчас адпачынку ў Крыме. Мне і мужу яно вельмі спадабалася. Так наша дачушка стала Лесанкай, што значыць «лясная». Яна ў нас гаваркая, вясёлая, актыўная, вельмі любіць танцаваць, з задавальненнем выступае на ранішніках у дзіцячым садзе. Нават пра сябе дачка гаворыць: «Я не дзяўчынка, а Лесана».