Навошта археолагі раскопвалі стражытныя пахаванні ў лесе пад Ахрэмаўцамі

Новости
На тэрыторыі Браслаўскага раёна шмат старажытных курганоў, якія яшчэ называюць капцы, валатоўкі і інш. З некаторымі нават звязаны розныя легенды. На самай жа справе гэта звычайныя пахаванні нашых далёкіх продкаў. Тым не менш, яны выклікаюць цікавасць у вучоных. На адным з курганных могільнікаў нядаўна завяршыліся раскопкі, якія праводзіў Мікалай Плавінскі, кіраўнік археалагічных даследаванняў, загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных навук і ўстойлівага развіцця Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ.

На працягу амаль двух месяцаў вучоныя перыядычна працавалі ў Ахрэмаўцах. Мясцовае старажытнае пахаванне вядома з канца ХІХ стагоддзя. Яно знаходзіцца паабапал дарогі Браслаў — Шаркаўшчына і складаецца прыкладна з 90 курганоў.

Упершыню іх раскопкі ў маёнтку Бяльмонты правёў граф Плятэр, які ў 1856 годзе перадаў у Віленскі музей старажытнасцей кавалкі урны і бронзавыя ўпрыгажэнні. Ф. Пакроўскі ў 1893 годзе даследаваў 7 насыпаў, два з якіх утрымлівалі крэмацыі, а 5 не змяшчалі пахаванняў. Яшчэ некалькі курганоў раскапалі ў 1938 годзе, пасля ў 1978-м імі займалася вядомы беларускі археолаг Людміла Дучыц, а ў 1997 г. тут працавала экспедыцыя БДУ. Увогуле, вынікі гэтых даследаванняў можна знайсці ў цікавым выданні «Курганныя могільнікі Браслаўскага Паазер’я» аўтарства М. Плавінскага, Л. Дучыц, А. Плавінскага і В. Шадыра. — Усе пахаванні ў Ахрэмаўцах здзейснены па абрадзе трупаспалення. Такія крэмацыі характэрны для крывічоў у ІХ—Х стагоддзях. Традыцыя існавала дзесьці да Х—ХІ стст., пасля паступова яна выцеснілася і пачалі хаваць па абрадзе інгумацыі, а з ХІІ ст. курганы ўвогуле перасталі існаваць і ператварыліся ў звыклыя нам могілкі.

Што тычыцца мясцовых насыпаў, то гэта дастаткова бедны пахавальны абрад з курганных могільнікаў Браслаўшчыны. За час даследаванняў тут знойдзена няшмат артэфактаў: часам нейкі посуд і аплаўленыя ўпрыгажэнні. Самы вялікі комплекс знаходак захоўваецца ў вашым музеі, — расказвае М. Плавінскі. — Аднак ёсць цікавая спецыфіка гэтага могільніка: у адным кургане можа быць некалькі пахаванняў. Цяпер мы раскапалі насып, у якім знаходзіліся 2 крэмацыі. Са знаходак — язычок ад фібулы, аплаўленая прасліца, рэшткі керамікі, косткі.

Несвядомы можа нават і не здагадвацца, што ў лесе пад Ахрэмаўцамі знаходзяцца курганы, якія маюць вялікае значэнне для гісторыі. З цягам часу яны зараслі кустамі, дрэвамі і выглядаюць проста пагоркамі. Першапачаткова ж гэта былі складаныя канструкцыі, акружаныя раўчукамі і дадаткова ўмацаваныя. У выніку гэтага курган мог дасягаць вышыні да трох метраў і выглядаў як міні-піраміда. Дарэчы, раскапанае ў Ахрэмаўцах пахаванне займае плошчу каля 99 кв. метраў.

Чаму гісторыкі праз некалькі дзясяткаў гадоў зноў звярнуліся да іх вывучэння? Як патлумачыў М. Плавінскі, пытанне датавання могільніка ў Ахрэмаўцах з’яўляецца дагэтуль спрэчным з прычыны нешматлікасці пахавальнага інвентару. Але з цягам часу мяняюцца падыходы да вывучэння археалогіі, узнікаюць новыя тэхналогіі, якія дазваляюць больш дакладна вызначыць часавыя адрэзкі. Галоўная ж мэта сёлетніх раскопак — больш дэталёва і дасканала вывучыць, як фарміраваліся курганы, і па знойдзеных артэфактах удакладніць пэўныя моманты. Магчыма, сучасныя падыходы змогуць прыадкрыць яшчэ некаторыя таямніцы гістарычнага мінулага Браслаўшчыны. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.