Браслаўчанка Юлія Лапко: «Быць маці самае важнае, што ёсць у жыцці жанчыны»

Новости
Любоў да свайго дзіцяці, якая абуджаецца ў жанчыны з яго з’яўленнем на свет, дае сілы праводзіць каля дзіцячай калыскі бяссоныя ночы, дапамагае зразумець і прыняць малога такім, які ён ёсць, вучыць ахвяраваць, дараваць і нічога не прасіць узамен.

Браслаўчанка Юлія Лапко — маці траіх цудоўных дзетак. Яна самы важны чалавек у лёсе сына Антона, дачок Яны і Веранікі, іх анёл-захавальнік.

— Быць маці, — упэўнена суразмоўніца, — самае важнае, што ёсць у жыцці жанчыны. Безумоўна, гэта яшчэ і вялікая адказнасць, бо хочацца выгадаваць добрасумленных, спагадлівых і працавітых дзяцей.

З радасцю жанчына расказвае пра сваіх крывінак, узгадвае забаўныя выпадкі, ганарыцца іх дасягненнямі.

Старэйшы Антон вучыцца ў 7 класе другой гарадской школы. Разважлівы хлопец — надзейны памочнік для бацькоў. Без напаміну прыгледзіць за малодшай сястрой, прапыласосіць у хаце, дапаможа бацьку ў рамонце дома. Акрамя таго, у Антона ёсць яшчэ цяга да тэхнікі і мара атрымаць у будучым вадзіцельскія правы. Таму ён з цікавасцю займаецца ў гуртку матацыклістаў пры ЦДіМ, разам з бацькам даглядае аўтамабіль.

Творчая і актыўная Яна не толькі выдатна вучыцца, але і паказвае добрыя вынікі ў спаборніцтвах «Снежны снайпер». Яе дыпломы раённага і абласнога ўзроўняў упрыгожваюць сцяну ў пакоі. Да таго дзяўчына займаецца танцамі і наведвае драматычны гурток. А ў выхадныя разам з маці з задавальненнем завіхаецца на кухні, каб прыгатаваць для ўсёй сям’і смачны абед ці выпечку.

Вясёлым званочкам гучыць у доме і галасок чатырохгадовай Веранікі — агульнай любіміцы.

Зразумела, спраў у шматдзетнай маці хапае. Раніцай накарміць усіх сняданкам, адправіць мужа, які працуе вадзіцелем у РАНС, дзяцей — у школу і садзік, ды і самой сабрацца на працу. А ўвечары яе зноў закружыць вір хатніх клопатаў. З трыма дзецьмі хочаш не хочаш — навучышся выконваць некалькі спраў адначасова.

— Няма нічога немагчымага, — кажа Юлія. — Галоўнае — дакладна планаваць час і не цягнуць воз клопатаў адной. А калі ў сям’і пануе згода, ніхто не перакладвае свае абавязкі на іншых, то любыя справы робяцца хутка і якасна.

Між іншым, у доме Лапко адчуваецца атмасфера дабрыні, гармоніі і парадку. Шмат часу сям’я праводзіць разам, што дае магчымасць лепш разумець адзін аднаго, пазбягаць разладу.

У адказ на пытанне, ці цяжка быць шматдзетнай маці, Юлія толькі ўсміхнулася: «Дзеці — падарунак нябёсаў, і за гэта вельмі ўдзячна лёсу. Кожны з іх любімы і чаканы. Яны маё багацце, шчасце і прадаўжэнне». ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.