У КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» ніколі не забываюць, што сані трэба рыхтаваць летам. Таму назапашваць неабходныя матэрыялы і настройваць адпаведныя кадры на падрыхтоўку да новага ацяпляльнага сезона пачалі практычна пасля завяршэння папярэдняга.
Згодна з планавым графікам «Браслаў-камунальнік» павінен аформіць пашпарты гатоўнасці сваіх аб’ектаў цеплагаспадаркі да 9 верасня. А яна ў прадпрыемства вялікая — 15 цеплакрыніц, столькі ж кіламетраў цепласетак і адзін спажывец цеплавой энергіі, якім з’яўляецца жыллёвы фонд у горадзе і ў сямі населеных пунктах раёна.
Да сярэдзіны жніўня цалкам падрыхтаваны да чарговага ацяпляльнага перыяду цеплакрыніцы ў гарадской лазні і дзіцячым садзе № 2. Гатоўнасць жа астатніх кацельняў на цяперашні час, па словах галоўнага энергетыка «Браслаў-камунальніка» Ільі Сухоўскага, складае каля 90 %.
Летам праведзена праверка ўсіх кантрольна-вымяральных прыбораў, зроблена рэвізія запорнай арматуры, але яшчэ не ўсюды завершаны работы па электрафізічных вымярэннях электраправодкі і абсталявання, працягваецца рамонт цеплавой ізаляцыі і помпаў, рэгуліроўка папераджальных клапанаў і г. д. Каля будынка былой аварыйна-дыспетчарскай службы засталося замяніць 220 метраў жалезнай магістралі на ПІ-трубы, а таксама 500 м каля кацельні дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў. Пасля гэтага будзе цалкам завершана рэканструкцыя цепласетак у горадзе.
На цэнтральнай гарадской кацельні ААТ «Цеплаэнергетык» з Віцебска павінна да 5 верасня завяршыць замену трубнай часткі вадагрэйнага катла. Між іншым, на гэтым аб’екце ў наступным годзе пройдзе маштабная рэканструкцыя, у выніку якой два новыя вадагрэйныя катлы будуць рацыянальна спажываць для падтрымання рэгламентаванай тэмпературы ў кватэрах жыллёвага фонду мясцовыя віды паліва — торф і шчапу. Павялічыць эканомію энергарэсурсаў і ўстаноўка сучасных энергазберагальных помпаў.
Сёлета ж, каб сустрэць надыход мінусавай тэмпературы паветра без аварыйных сітуацый, жыллёва-камунальнае прадпрыемства затраціла каля 80 тыс. руб. для ўмацавання сваёй цеплавой гаспадаркі.
Казімір ПЯТУШКА. Фота аўтара.