Два кубы дошак і 3500 шруб. Як стваралі браслаўскага цмока

Главное
Кожны раз арганізатары спартыўна-музычнага фестывалю Viva Braslav здзіўляюць браслаўчан і гасцей маштабнага свята сваімі арыгінальнымі задумамі. Вось і сёлета каля галоўнай сцэны на пляжы возера Дрывяты з’явілася незвычайная драўляная скульптура — вялізная галава цмока.

Гэта справа рук таленавітых педагогаў працоўнага навучання школ раёна — Міхаіла Ставіцкага, Аляксандра Сіпко і Аляксандра Пятроўскага, да якіх з прапановай зрабіць што-небудзь цікавае звярнуўся адзін з арганізатараў фестывалю Яўген Лабуць.

— Спачатку, — кажа М. Ставіцкі, — ідэю шукалі ў інтэрнэце. Разглядалі розныя варыянты падобных скульптур скандынаўскага стылю. А потым разам прыйшлі да высновы, што трэба зрабіць браслаўскага цмока, які адпавядае духу маладзёжнай музыкі. І нашы заказчыкі з гэтым пагадзіліся.

З інтарэсам прафесіяналы распачалі справу. Спачатку зрабілі макет з паперы, потым каркас з драўляных палачак. Такая складаная падрыхтоўчая работа, адзначае А. Сіпко, значна аблегчыла будаўніцтва самой скульптуры.

Трэба адзначыць, што ідэя майстроў узнікла не на пустым месцы, а на аснове старадаўняй легенды. Калісьці каля в. Ёдлавічы жыў крыважэрны цмок, які глытаў мясцовых жыхароў. Доўга людзі малілі Бога пра сваё выратаванне. Аднойчы ён пачуў іх просьбы і падчас навальніцы маланкай забіў жывёліну. На тым месцы з’явілася гара Цмакоўка.

Пяць дней шчыравалі прафесіяналы, каб увасобіць сваю задуму ў жыццё.

— Працаваць было не цяжка, — адзначаюць майстры, — матэрыял бралі мясцовы, так што з яго пастаўкай праблем не было. Ды і паміж намі не ўзнікала ніякіх непаразуменняў.

На выраб скульптуры пайшло каля 2 куб. м дошчачак, больш за 3 тыс. шруб, 7 літраў фарбы. Цмок атрымаўся 5 метраў у вышыню, каля 7-мі — у даўжыню і 2,5 — у шырыню, ён надаў афармленню сцэны асаблівую іскрынку.

— Канструкцыя, — кажа А. Сіпко, — даволі моцная. Яе спакойна можна ўзняць пад’ёмным кранам і перанесці ў іншае месца. Тым не менш не трэба на яе ўзбірацца, бо можна параніцца ці засадзіць стрэмку.

У таленавітых людзей заўсёды так: толькі скончылі работу, а ў планах — як яе ўдасканаліць. Вось і педагогі на будучы год мараць дабудаваць цмоку тулава і лапы. І магчыма, тады гэтая магутная жывёліна стане яшчэ адным брэндам нашага горада.

Трэба нагадаць, што гэта не першая скульптура ў такім скандынаўскім стылі. Думаю, многія памятаюць кампазіцыю з кароў, якія спачатку стаялі каля аўтастанцыі, а потым непадалёку ад браслаўскага хлебазавода. Кіраўніцтва раёна вырашыла, што колькасць арт-аб’ектаў трэба павялічыць. І зноў таленавітыя педагогі працоўнага навучання многіх школ, толькі ўжо ў больш пашыраным складзе, узяліся за працу. Пакуль гэтых дзесяць скульптур стаяць у двары ЦДіМ, але ў хуткім часе зоймуць свае месцы, каб здзівіць гасцей свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2019».

Так стараннасцю неабыякавых творчых майстроў наша Браслаўшчына прыгажэе на вачах. А нам, мясцовым жыхарам, застаецца любавацца іх вырабамі, а галоўнае, зберагаць тварэнне працавітых рук чалавечых ад нядобрасумленных грамадзян. ■

Алена ПЯТУШКА.