Эканоміка «Браслаў-камунальніка» ў надзейных руках Юліі Рыськовай

Люди
На прафесійных прасторах Юля магла выбіраць любую дарогу, бо закончыла школу з залатым медалём. Праўда, вабіла больш эканамічнае планаванне і юрыдычная дзейнасць, таму нейкі час дзяўчына вагалася, куды пайсці вучыцца далей.

— Лічу, што ў 17 гадоў самастойна ўсвядомлена вызначыцца з выбарам прафесіі амаль нерэальна, — успамінае сёння начальнік планава-эканамічнага сектара КУП ЖКГ «Браслаў-камунальнік» Юлія Рыськова. — На мой канчатковы выбар у ваганнях паміж эканамістам і юрыстам паўплывалі бацькі. Ніколькі цяпер не шкадую.

Полацкі дзяржуніверсітэт па спецыяльнасці «фінансы і крэдыт» з кваліфікацыяй «эканаміст» Юля закончыла таксама з адзнакай — чырвоным дыпломам. Навучанне давалася ёй лёгка, і на апошнім курсе ўніверсітэта дзяўчына паспявала яшчэ працаваць на паўстаўкі эканамістам у гандлёва-вытворчым прадпрыемстве Наваполацка.

Дзесяць гадоў стажу набыла Ю. Рыськова ў структурным падраздзяленні «Белаграпрамбанка» ў роднай Шаркаўшчыне. Калі ж трапіла пад скарачэнне, вырашыла шукаць работу ў Браславе, куды ездзіў на працу і муж.

І вось ужо два гады Юлія Рыськова займаецца эканамічным планаваннем і комплексным эканамічным аналізам дзейнасці «Браслаў-камунальніка». Спектр задач сектара, за які адказвае Юлія Пятроўна, вельмі шырокі. У прыватнасці, пад яе кіраўніцтвам эканамісты распрацоўваюць кароткатэрміновыя і перспектыўныя бізнес-планы, у якіх павінны прадугледзець асноўныя паказчыкі развіцця прадпрыемства ў адпаведнасці з даведзенымі яму заданнямі. Фарміруюць эканамісты цэны на аказваемыя «Браслаў-камунальнікам» паслугі, акрамя жыллёва-камунальных, якія рэгулююцца дзяржавай. Распрацоўваюць штатны расклад разгалінаванага камунальнага прадпрыемства, уносяць у яго змены. Метадалагічнае суправаджэнне аплаты працы — таксама абавязак планава-эканамічнага сектара. Нельга забываць і пра тэрміны шматлікіх штомесячных справаздач. Карацей кажучы, без разлікаў эканамістаў нічога не адбываецца ў дзейнасці жыллёва-камунальнага прадпрыемства.

Сёлета «Браслаў-камунальнік» выконвае вялікі аб’- ём работ па добраўпарадкаванні горада і бягучым рамонце шматкватэрнага жыллёвага фонду. Гэта значыць, узрасла і нагрузка на эканамічную службу, бо значна вырас штат сезонных работнікаў, павялічыўся пералік аказваемых паслуг, у грамадскіх месцах устанаўліваюцца розныя вырабы камунальнага прадпрыемства: лаўкі, урны, сушылкі для бялізны, пясочніцы, малыя архітэктурныя формы, таму эканамістам даводзіцца састаўляць шмат рознага кшталту калькуляцый. Але пад умелым кіраўніцтвам яны спраўляюцца, таму што, па словах дырэктара арганізацыі Пятра Белуся, Юлія Пятроўна — добры арганізатар, ведае спецыфіку жыллёвакамунальнай галіны, маючы аналітычны склад розуму і добрыя веды эканамічнай тэорыі, умее працаваць з вялікім аб’ёмам інфармацыі, разлічваць важныя паказчыкі і вырашаць іншыя задачы дзякуючы высокай працаздольнасці. ■

Казімір ПЯТУШКА.

Фота аўтара.