На тэрыторыі Браслаўскага раёна налічваецца 71 меліярацыйная сістэма. Працягласць адкрытай асушальнай сеткі складае 1 432,8 км, дрэнажнай — 11 516,3 км, 141,6 км — дарог, маецца 605 пераезных і 7 водарэгулявальных збудаванняў.
Каб забяспечваць аптымальны водна-паветраны рэжым на асушаных землях і дасягаць стабільнай ураджайнасці, меліярацыйным сістэмам патрэбны рэгулярны тэхнічны догляд і рэканструкцыя.
Так, у мінулым сезоне работнікі Браслаўскага ПМС на асушаных землях абкасілі 670 км каналаў, 93,5 км іх падчысцілі ад заглейвання. Па каналах агульнай працягласцю 50 км выразалі хмызнякі, а 32 км іх апрацавалі гербіцыдамі ў месцах, дзе пайшоў параснік. На сістэмах у ААТ «Слабодка-агра», райаграсэрвісе і СВК «Маяк Браслаўскі» прамылі 28,5 км дрэнажнай сеткі. На землях апошняй гаспадаркі адрамантавалі і 5 меліярацыйных збудаванняў. На дадзеных відах работ браслаўскія меліяратары асвоілі 357 тыс. рублёў з абласнога і рэспубліканскага бюджэту.
Абслугоўванне асушаных зямель ПМС працягвае і сёлета. Прадпрыемства разлічвае выканаць за сезон рэгламентных работ тэхнічнага догляду на суму больш за 300 тыс. руб. Паралельна з імі займаюцца і рэканструкцыяй меліярацыйных сістэм. Апошнім часам увялі іх у эксплуатацыю ў «Новай Гвардыі» (м. с. імя Варашылава), райаграсэрвісе (м. с. «Барадзінічы»), «Агравідзах» (м. с. «Уперад-3»). У ліпені сёлета павінны завяршыць рэканструкцыю 151 га зямель у «Маяку Браслаўскім» (м. с. «Ёдлавічы») і перавезці спецтэхніку ў «Слабодку-агра» на меліярацыйную сістэму імя Чарняхоўскага.
Акрамя абслугоўвання асушаных зямель, выконваюць меліяратары і іншыя віды работ. Летась, напрыклад, уладкоўвалі месцы адпачынку вакол азёр Снуды і Струста, будавалі пад’язныя шляхі для торфабрыкетнага завода, працягваюць і сёлета весці міжгаспадарчую аўтадарогу ў Відзаўскім лясніцтве. Не цураюцца і больш дробных заказаў. Дарэчы, у рамках падрыхтоўкі да абласнога свята «Дажынкі – 2019» прадпрыемства плануе асвоіць 200 тыс. руб. на навядзенні парадку ўздоўж дарог — выдаленні драўнінна-хмызняковай расліннасці, асушэнні забалочаных месц. ■
Казімір ПЯТУШКА.
Фота аўтара.