Нарыхтоўка кармоў пачалася ў Браслаўскім раёне

Деньги
Адной з асноўных умоў павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі, прадукцыйнасці жывёлы з’яўляецца, вядома ж, стварэнне трывалай кармавой базы, паляпшэнне структуры кармавых угоддзяў, нарыхтоўка высакаякасных сакавітых і грубых травяных кармоў.

Сёлета плануецца, што сельскагаспадарчыя арганізацыі раёна змогуць нарыхтаваць на зімоўку не менш за 28 цэнтнераў кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы. У пераразліку на кармавыя адзінкі гэта 51,6 тыс. тон травяных кармоў (141 % да ўзроўню мінулага года), у тым ліку 6,1 тыс. т сена, 94,2 тыс. т сенажу і 86,1 тыс. т сіласу. У 2 разы больш, чым летась, намечана зарулоніць сенажу ў палімерную плёнку.

Каб травы не страцілі свае карысныя якасці, перад аграрыямі пастаўлена задача правесці корманарыхтоўку ў сціслыя тэрміны і завяршыць яе не пазней за 1 ліпеня. Для гэтага запланавана задзейнічаць 25 корманарыхтоўчых камбайнаў, 44 касілкі, 23 граблі, 48 прычэпаў для адвозкі сянажнай масы і 18 прэспадборшчыкаў, а недахоп механізатараў (21 чалавек) папоўніць за кошт прыцягнення іх з раённых арганізацый і пераводу кадраў унутры гаспадарак з іншых работ.

На мінулым тыдні корманарыхтоўчая кампанія 2019 г. стартавала. Першымі на сенажаці выехалі аграрыі акцыянернага таварыства «Агравідзы» і на раніцу аўторка з запланаваных 5 056 га скасілі траў 53 га і сабралі 218 тон зялёнай масы. ■

Казімір ПЯТУШКА.