У Опсе адбыўся творчы вечар браслаўскага паэта Данііла Валчка

Новости
Сустрэча з цікавым чалавекам нагадвае свята: нясе светлыя эмоцыі і запамінаецца надоўга. Менавіта такім атрымаўся творчы вечар «На крылах творчасці», прысвечаны 80-гадоваму юбілею Данііла Валчка, якога браслаўчане ведаюць як таленавітага і самабытнага паэта.

На мерапрыемства сабраліся яго сябры, калегі па творчасці з аб’яднання «Ветразь надзеі», супрацоўнікі Опсаўскага літаратурна-досугавага цэнтра і мясцовыя жыхары, неабыякавыя да рыфмаваных радкоў. Падчас нязмушанай гутаркі, якую вяла вядучая Людміла Патапенка, прысутныя даведаліся шмат цікавага пра аўтара, адкрылі для сябе новыя грані яго таленту.

Гады не пужаюць юбіляра, наадварот, ён лічыць, што ў жыцці яму пашанцавала (не ў кожнага яно такое насычанае і багатае на падзеі), а восемдзесят — добры ўзрост: за гэты час набралася многа сяброў, знаёмых, і цяпер прымаць ад усіх віншаванні вельмі прыемна. Данііл Канстанцінавіч быў рады бачыць побач людзей, з якімі, як кажуць, не адзін пуд солі з’еў, скалясіў раён, выязджаў за яго межы з творчымі літаратурнымі сустрэчамі. Калегі Тэрэза Крумплеўская, Мікалай Петухоў, Алена Радзэвіч расказалі пра сумесную работу, пра вялікі ўклад Данііла Валчка ў развіццё літаратурнага аб’яднання, якое ўпэўнена пацвярджае званне народнага, і былі аднадушныя ў тым, што лепш, чым іх словы, юбіляра характарызуюць яго вершы, якія і чыталі на працягу мерапрыемства. А Марына Кавалёнак, якая прыехала з суседняга раёна павіншаваць героя ўрачыстасці, у ходзе паэтычнай гульні высветліла, наколькі добра аўтар памятае свае творы, якія яму давялося адгадваць па рыфмаваных радках. Слухачы таксама дэкламавалі вершы Д. Валчка ці радкі з іх, што нярэдка станавілася нагодай для новых успамінаў. Так ажыццявілася жаданне юбіляра: ён яшчэ ў пачатку сустрэчы прапанаваў не прытрымлівацца праграмы, а проста і душэўна пагаварыць у русле творчасці і разбавіць размову вершамі. Якраз так і атрымалася, а музычныя кампазіцыі ў выкананні Пятра Кухаронка ўпрыгожылі мерапрыемства.

У творах Данііла Канстанцінавіча адлюстраваліся многія жыццёвыя моманты, практычна ўсе вершы маюць свае цікавыя гісторыі. Імі паэт ахвотна дзяліўся з аўдыторыяй, прычым прызнаўся, што ў прозе думкі выражае горш: рыфмаванымі радкамі лепш атрымліваецца. Адкрыў для прысутных юбіляр і сакрэты сваёй дзейнасці:

— У творчасці маёй усё натуральнае, як і я: душа наросхрыст, што бачу, пра тое і пішу. Гэта не заўсёды добра для жыцця. Але ўпарты характар як быў у маладосці, так і не змяніўся да гэтага часу.

Так, у вершах Данііла Валчка — гісторыя краю і захапленне аўтара прыродай, яго клопат пра сур’ёзныя грамадскія праблемы і жартаўлівы погляд на падзеі. Многа твораў пра каханне: ці не палова з усіх напісаных. Паэт не саромеецца гэтых эмацыянальных вершаў. Упэўнены, што каханне — святое пачуццё, якое вылечвае душу, узвышае чалавека. «Люблю жыццё, прыроду, жонку…» Дарэчы, з другой палавінкай, па словах юбіляра, яму пашанцавала: падтрымлівае мужа заўсёды, ва ўсіх пачынаннях, хоць і нялёгка часам прыходзіцца. Удзячнасць ёй Данііл Канстанцінавіч выказаў у вершах.

У шчырай гутарцы з прысутнымі паэт апавядаў пра мясціны, дзе давялося пабываць, сустрэчы з цікавымі людзьмі, адкуль бярэцца натхненне. І вынікі сустрэчы падвёў у вершаванай форме. А між тым творчасць юбіляра ўжо выйшла за рамкі паэзіі: у супрацоўніцтве з Альбертам Белусём з’явілася песня «Браслаўскі вальс», пад якую і закончылася гэтае цікавае і душэўнае мерапрыемства. ■

Жанна БЯЛЬКО.

Фота аўтара.