Падведзены вынікі раённай навукова-практычнай канферэнцыі

Новости
Традыцыйная навукова-практычная канферэнцыя даследчых работ вучняў устаноў адукацыі раёна прайшла на базе гімназіі. Як і заўсёды, на гэтае мерапрыемства сабраліся найбольш здольныя школьнікі Браслаўшчыны, каб прадэманстраваць вынікі сваёй цікавай і актуальнай даследчай дзейнасці.

Адкрыла канферэнцыю галоўны спецыяліст аддзела райвыканкама па адукацыі Ірына Мацук, якая адзначыла важнасць удзелу школьнікаў у пошукавай рабоце, бо падчас яе дзеці атрымліваюць новыя веды, развіваюць свае творчыя здольнасці, вучацца выступаць на публіцы. Таксама І. Мацук падзякавала настаўнікам, якія намагаюцца зацікавіць сваіх вучняў пошукавай дзейнасцю, пажадала ўсім удзельнікам паспяхова абараніць свае працы. Асобныя словы ўдзячнасці яна выказала прадстаўнікам арганізацый раёна за ўдзел у рабоце канферэнцыі ў складзе журы.

Сёлета ў мерапрыемстве ўдзельнічалі 89 навучэнцаў 3 — 11 класаў, якія прадставілі 51 навукова-даследчую работу ў васьмі секцыях. Самымі шматлікімі з іх сталі «Матэматыка. Фізіка. Інфарматыка. Астраномія» (9), «Гісторыя. Краязнаўства» (9) і «Чалавек і свет. Руская мова. Матэматыка» (10). Усе работы былі разнастайнымі па тэматыцы, але іх аб’ядноўвала надзённасць, навізна даследавання, творчая і неардынарная манера падачы матэрыялу. Найбольш актыўнымі ўдзельнікамі сталі вучні гарадскіх устаноў адукацыі, але не адсталі ад іх і юныя сельскія навукоўцы.

Вучні пачатковых класаў расказалі цікавыя звесткі пра Браслаўшчыну, спрачаліся наконт густу, даследавалі, калі рак на гары свісне, эксперыментавалі са спосабамі вырошчвання балгарскага перцу, вывучалі ўласцівасці лімона, прапанавалі журы модную калекцыю адзення з адходных матэрыялаў.

Старшакласнікаў цікавілі больш сур’ёзныя тэмы: дэмаграфічная сітуацыя ў раёне, паходжанне і значэнне мясцовых прозвішчаў і назваў меляў некаторых браслаўскіх азёр, асаблівасці англійскай, рускай і беларускай моў, практычнае значэнне трыганаметрыі, інверсія і задача Апалонія, карысныя ўласцівасці гарбаты і інш.

Кампетэнтнае і строгае журы пры ацэньванні работ у першую чаргу звяртала ўвагу на іх практычную значнасць, лагічнасць і абгрунтаванасць вывадаў, адпаведнасць пастаўленым мэтам.

Па выніках канферэнцыі лідарамі па колькасці прызавых месцаў сталі СШ № 2 (7 дыпломаў), СШ № 1 і гімназія (па 5) і Друйскі ЯССШ (4).

Падводзячы вынікі форуму, Ірына Мацук адзначыла высокі ўзровень прадстаўленых работ, павіншавала пераможцаў і выказала спадзяванні, што і далей браслаўскія школьнікі не страцяць жадання і цікавасці да пошукаў новых звестак і фактаў. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.