Людміла Арцем’ева — «Чалавек года Браслаўшчыны»

Люди
Чаго не адымеш у працы намесніка старшыні па свінагадоўлі СВК «Маяк Браслаўскі» Людмілы Арцем’евай, дык гэта пастаяннага пошуку новых падыходаў да арганізацыі працы і ўкаранення самых сучасных тэхналогій вытворчасці. Менавіта гэтая рыса характару ў звязцы з уменнем ладзіць з людзьмі і пастаянным пошукам навацый дазваляюць комплексу займаць перадавыя пазіцыі ў вобласці і рэспубліцы.

Цяпер на «фабрыцы па вытворчасці свініны» ўтрымліваецца больш за 22,5 тысячы галоў жывёлы. За тры месяцы бягучага года атрымана 1 085,8 тоны прываг у жывой вазе, пры іх сярэднясутачных — 665 грамаў. На рэалізацыю адпраўлена амаль 1 090 тон свініны.

За ўсімі гэтымі лічбамі стаіць паўсядзённая шчырая праца калектыву. Але як бы ні стараліся працаваць людзі, колькі б намаганняў ні прыкладалі, у такой складанай справе, як свінагадоўля, дасягнуць высокіх паказчыкаў проста немагчыма без перадавых падыходаў да вытворчага працэсу. Менавіта ў гэтым рухавіком і з’яўляецца Людміла Антонаўна. Правядзенне рэканструкцыі памяшканняў, прыгатаванне аптымальнага рацыёну, стварэнне найбольш спрыяльнага мікраклімату ў памяшканнях цэхаў ці падтрыманне добрых умоў працы — усюды адчуваецца яе рука.

За час работы начальнікам комплексу Л. Арцем’евай давялося з’ездзіць за вопытам у Польшчу, Данію, Турцыю і ЗША, а потым укараніць лепшае і найбольш прымальнае для нашых умоў на комплексе. І як паказала практыка, паездкі прыносілі адчувальны эфект. Комплекс пастаянна нарошчваў аб’ёмы свініны пры зніжэнні затрат на адзінку прываг. Ісці ў нагу з часам дапамагае і пастаяннае вывучэнне спецыяльнай літаратуры, якой у кабінеце начальніка комплексу запоўнены ўсе шафы.

Дарэчы, сваю любоў да навучальнага працэсу і пазнання новага Людміла Антонаўна прывіла і ўсім сямнаццаці спецыялістам комплексу. Многія з іх атрымалі вышэйшую адукацыю, ужо адпрацаваўшы некаторы час. Усе яны і цяпер імкнуцца пазнаваць новае. А начальніка вельмі радуе, што яе калегі, як і яна сама, не толькі займаюцца свінагадоўляй, а і захапляюцца ёй.

Пры ўсёй сваёй адукаванасці, заслугах і ўзнагародах Л. Арцем’ева для свайго калектыву застаецца не столькі начальнікам, колькі добрым дарадцам і нават сябрам. А гэта, пагадзіцеся, дарагога каштуе. Сячы з-за пляча яна не прывыкла. Калі здараюцца непрыемныя сітуацыі з падначаленымі, Людміла Антонаўна спачатку высветліць прычыну, і пастараецца дапамагчы чалавеку знайсці правільны выхад са становішча. Бо разумее, што кожны можа трапіць у няпростую сітуацыю. Яна даражыць працавітымі людзьмі. Таму і кадравай цякучкі тут амаль няма.

Як прызналася сама жанчына, усё сваё жыццё яна прысвяціла свінагадоўлі, думкі пра работу не пакідаюць яе і па-за сценамі комплексу, але дома стараецца не гаварыць пра яго. Абстрагавацца дапамагаюць блізкія: муж, дзеці, унукі, а таксама справы на дачы. Паколькі Людміла Антонаўна — чалавек камунікабельны, то, безумоўна, мае сяброў, але, як прызналася сама, сярод іх толькі сапраўдныя, правераныя часам людзі. ■

Вольга ПАТАПОВІЧ.

Фота аўтара.