Галоўнае з паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Новости
Прапануем вашай увазе змест выступлення Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі тэзісна.

ПРА СУВЕРЭНІТЭТ

У пытаннях суверэнітэту і бяспекі няма месца кампрамісам. Неаднаразова перажыты вопыт раздзялення беларускага народа і перакройвання граніц прымушае нас высока цаніць існуючае адзінства і тэрытарыяльную цэласнасць. Сёння на першы план выходзяць мірныя перамогі. Галоўныя прыярытэты — дабрабыт народа, міралюбівая знешняя палітыка, нацыянальная бяспека. Беларусы павінны канчаткова ўсвядоміць сваё нацыянальнае адзінства.

ПРА ЭКАНОМІКУ

Эканоміка Беларусі і ў далейшым будзе грунтавацца на развіцці буйных прадпрыемстваў. Разам з тым у краіне вітаюць малы і сярэдні бізнес і будуць яго ўсяляк падтрымліваць.

Прадпрыемствы не павінны кампенсаваць сваю безгаспадарчасць бюджэтнымі грашамі — неабходна павышаць эфектыўнасць работы рэальнага сектара. Перад урадам ставіцца задача ствараць асяроддзе для здаровай і сумленнай канкурэнцыі. Парк высокіх тэхналогій характарызуе сучасную Беларусь для ўсяго свету, але ІТ-сфера не павінна адрывацца ад надзённых патрэб эканомікі.

Даходы насельніцтва, іх рост застаюцца ў ліку прыярытэтных дзяржаўных задач. Зніжэнне ўзроўню занятасці недапушчальнае.

Калі вопыт БелАЭС будзе паспяховым, не выключана, што ў будучыні давядзецца пабудаваць яшчэ адну атамную станцыю.

Першая задача для сельскай гаспадаркі — самая строгая дыктатура тэхналогій і вытворчая дысцыпліна. Другая — актыўнае асваенне новых для нас відаў прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Кожны раён павінен бачыць сваю стратэгію ў гэтай галіне.

ПРА ДЗЯРЖАПАРАТ

Канкрэтны чалавек, канкрэтная праблема, канкрэтнае рашэнне. Кожны дзень. Усе абяцанні, дадзеныя народу, павінны быць выкананы. У гэтым формула нашых паводзін. Гэта задача для любога без выключэння кіраўніка. Неабходна істотна ўзняць якасны ўзровень кіраўніцкага корпуса краіны. Урад і мясцовая ўлада павінны неадкладна рэагаваць на рост цэн. Неабходна ўтрымліваць інфляцыю ў межах 5 працэнтаў.

Для ўсіх органаў улады ініцыятывы мясцовых жыхароў — каштоўная зваротная сувязь. Кожны грамадзянін павінен быць упэўнены, што ён надзейна абаронены дзяржавай.

Генпракуратуры даручана распрацаваць комплекс новых антыкарупцыйных мер.

ПРА САЦЫЯЛЬНУЮ ПАЛІТЫКУ

Ураду неабходна падрыхтаваць рашэнні аб павышэнні пенсій. У Беларусі раздзяляльных ліній па ўмовах жыцця быць не можа. Тэрыторыі павінны развівацца раўнамерна. Камфортныя ўмовы пражывання — аснова сацыяльных стандартаў і галоўны крытэрый паспяховага завяршэння рэгіянальных праектаў.

Праграма сямейнага капіталу будзе прадоўжана на 5 гадоў.

Жыхары малых населеных пунктаў павінны мець магчымасць хутка і якасна атрымліваць меддапамогу.

Неабходна максімальная інтэграцыя адукацыі, навукі і перадавой вытворчасці.

Ініцыятыва грамадзян стане галоўнай рухаючай сілай развіцця краіны.

Гарады Беларусі павінны патанаць у зеляніне і кветках.

ПРА ЗНЕШНЮЮ ПАЛІТЫКУ

Напружаны дыялог ЗША, Кітая, Індыі і Расіі стварае некамфортную рэальнасць для ўсяго свету. Нас не можа не хваляваць узмацненне ваенных сіл НАТА і ЗША ў суседніх дзяржавах.

Беларусь, удасканальваючы абараназдольнасць, наколькі магчыма развівае ўзаемадзеянне ў фармаце АДКБ.

ЕАЭС павінен стаць паўнацэнным эканамічным саюзам з роўнымі ўмовамі для ўдзельнікаў. Беларусь гатова адыгрываць больш значную ролю гандлёвага канала для шматмільённага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза і краін СНД з Еўрапейскім саюзам.

ПРА ВЫБАРЫ І ЗМЯНЕННІ КАНСТЫТУЦЫІ

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць у 2020 годзе, у 2019-м — парламенцкія.

Змяненні ў Канстытуцыю павінны адпавядаць інтарэсам Беларусі на сучасным этапе. Прапановамі па карэкціроўцы дакумента займаюцца суддзі Канстытуцыйнага суда. ■