У Відзах зламыснікі ўкралі туі і пашкодзілі пляжную інфраструктуру

Происшествия
Кожны раз, калі наведваю Відзы, гарадскі пасёлак уражвае нечым адметным: малой архітэктурнай формай, прыгожым зялёным вугалком ці алеяй, арыгінальнымі габіёнамі, новай агароджай.

Усё гэта — вынік зладжанага супрацоўніцтва мясцовай улады, тутэйшых арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, рэлігійных канфесій і неабыякавых жыхароў.

На жаль, некаторым грамадзянам такая прыгажосць мазоліць вочы. Так, вандалы, а інакш іх і не назавеш, на цэнтральнай плошчы выкапалі восем туй. Тое, што ямы пад выкапанымі раслінамі заклалі дзёрнам, несумненна сведчыць, што да такой складанай аперацыі «Ы» зламыснікі рыхтаваліся грунтоўна, абмяркоўвалі кожную яе дэталь. Але можна з упэўненасцю сказаць, што сталі яны на слізкі шлях: сёння здзейснілі крадзеж у грамадскім месцы — спадабалася, заўтра залезуць да суседа, а потым…

Спатрэбілася некаму і лаўка, якая таксама стаяла ў цэнтры пасёлка. Прыгожая і камфортная, яна прызначалася для агульнага карыстання. Але нехта вырашыў, што на ўласным падворку лаўка будзе больш патрэбная.

Дабраліся шукальнікі прыгод і да пляжа воз. Відзаўскае. Напэўна, моцныя напіткі не надта грэлі, і «вясёлая» кампанія вырашыла запаліць вогнішча, для якога выкарысталі чаротавае пакрыццё з пляжных парасонаў. Трэба адзначыць, што парасоны даволі высокія і, каб зняць з іх чарот, трэба было злаўчыцца, што дзецям не па сіле.

Выбітыя дошкі і ў раздзявальні. Хутчэй за ўсё, такім чынам мясцовыя «асілкі» дэманстравалі сваю «ўдаласць». Вось толькі месца для гэтага яны выбралі зусім неадпаведнае.

Мы захапляемся прыгажосцю іншых гарадоў і краін, наракаем, што такога ў нас няма. Але пры гэтым не жадаем зберагчы тое, што ствараецца побач. З горыччу ў душы ўсведамляеш той факт, што ў нашым цудоўным краі жывуць дзікуны, для якіх прыгажосць як бяльмо на воку. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.