Чым парадуе сёлетні «Фэст экскурсаводаў» і як на яго трапіць

Новости
Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцінаў па ініцыятыве ЮНЭСКА адзначаецца 18 красавіка. У Беларусі да гэтага свята прымеркаваны «Фэст экскурсаводаў», які сёлета пройдзе 13-14 красавіка.

Ідэя мерапрыемства нарадзілася ў 2009 годзе ў асяродку неабыякавых да гісторыі людзей. Адбылося ўжо 9 фестываляў, якія наведалі тысячы ўдзельнікаў, прайшлі сотні цікавых і разнапланавых экскурсій.

Сёлета фэст пройдзе ў нашай краіне 10-ы раз, яго арганізатарамі выступаюць Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і гістарычных мясцінах, грамадскае аб’яднанне «Беларускі фонд культуры» і Нацыянальнае агенцтва па турызме. У межах мерапрыемства адбудуцца шматлікія экскурсіі ва ўсіх абласцях, таксама чакаюцца вандроўкі па беларускіх мясцінах у замежжы. Падрыхтаваны і юбілейныя навінкі: квэсты для дзяцей і дарослых, незвычайныя маршруты, запланаваны дзіцячыя, храмавыя, тэматычныя экскурсіі і інш.

У Браславе «Фэст экскурсаводаў» праводзіўся па розных кутках горада, прысвячаўся Станіславу Нарбуту, Замкавай гары і розным цікавым мясцінам. Сёлета мерапрыемства пройдзе незвычайна — у форме інтэлектуальнай гульні. Тэматыка пытанняў будзе датычыцца Браслаўшчыны. Гульні пройдуць у музеі традыцыйнай культуры 13 красавіка ў 14 гадзін. Зарэгістравацца можна перад пачаткам мерапрыемства, каманды таксама будуць сфарміраваны на месцы. Арганізатары «Фэсту экскурсаводаў» на Браслаўшчыне запрашаюць далучыцца да міжнароднай акцыі і проста цікава правесці свой вольны час. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота з архіва Б/З.