Валанцёры з кансталінскай школы далучыліся да дабрачыннай акцыі «Цуды на Каляды»

Отдых
Новы год і Каляды — асаблівыя святы, ад якіх, нягледзячы на ўзрост, чакаеш цудаў і падарункаў. Гэта час, калі збываюцца самыя запаветныя мары і жаданні. Акрамя таго, у школьнікаў зімовыя канікулы, якія можна правесці, дорачы сваю дабрыню.

Валанцёры нашай школы так і зрабілі: на чале з настаўніцай Кацярынай Рацьковай правялі адпачынак ад вучобы не толькі весела, але і карысна. Кожны год у школе, як і ва ўсёй краіне, праходзіць дабрачынная акцыя «Цуды на Каляды», падчас якой з’яўляецца магчымасць дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Жыхарамі агр. Пагошча (вялікі дзякуй ім за гэта) былі сабраны падарункі для дзяцей-інвалідаў, якія пражываюць у мікрараёне школы.

Актыўныя і неабыякавыя школьнікі пераўвасобіліся ў Дзеда Мароза, Снягурку і Свінку і завіталі ў дзіцячы сад да Алесі Ракіцкай, пабывалі ў дамах Ганны Какоры і Косці Варналя. Колькі эмоцый, радасці ў вачах, усмешак на тварах мы ўбачылі ў дзетак! Яны з задавальненнем гулялі са Снягуркай і Свінкай, вадзілі карагоды з Дзедам Марозам, расказвалі вершы.

Без нашай увагі не засталіся і дарослыя — былыя работнікі школы, адзінокія пажылыя людзі. Так, інваліду першай групы Галіне Чубрэвіч ад імя педагогаў Кансталінскага ЯСБШ быў уручаны падарунак у выглядзе прадуктовага набору.

Зразумела, хочацца, каб казка і цуды ніколі не заканчваліся ў жыцці, каб кожны з нас не абыходзіў бокам тых, каму патрэбна хоць кропля радасці. Магчыма, побач з вамі ёсць такія людзі: трэба толькі ўважліва паглядзець вакол сябе. Давайце разам дапаможам ім верыць у цуд і не адчуваць сябе адзінокімі. ■

Мікіта ЦІЎНЕЛЬ,

валанцёр Кансталінскага ЯСБШ.