Каб не забывалі: ураджэнка вёскі ўстанавіла своеасаблівы памятны знак у гонар малой радзімы

Год малой родины
Урбанізацыя бязлітасна адбіваецца на лёсе невялікіх вёсачак. З цягам часу яны пусцеюць, застаюцца без жыхароў, а праз некалькі гадоў увогуле становяцца кропкай на карце. І здагадацца, што некалі ў пэўным месцы была вёска, можна толькі па яблынях ці падмурках. Аднак памяць пра родныя месцы застаецца ў сэрцах людзей, нават калі яны жывуць за сотні кіламетраў ад яго.

Неяк, праязджаючы па гравійцы ад Відзаў да Дрысвят, мы звярнулі ўвагу на вялікі валун з крыжам і таблічкай. Прыпыніліся і прачыталі надпіс «В 1957 году в д. Барковщизна было 30 домов», а непадалёку ад яго ўбачылі дрэва з невялікай лавачкай.

Пацікавіліся ў Відзаўскім сельсавеце, адкуль такі імправізаваны памятны знак. Аказалася летам ураджэнка гэтага населенага пункта, дзе засталося літаральна некалькі хат, такім чынам ушанавала сваю малую радзіму. Цяпер жанчына, якую завуць Марыя (дзявоцкае прозвішча Баркоўская), жыве ў Літве, але перыядычна бывае ў бацькоўскай хаце і даглядае яе.

Вось такі своеасаблівы памятны знак у гонар роднай вёскі. Магчыма, выпадковы прахожы прычытае надпіс і даведаецца не толькі пра тое, што некалі на гэтым месцы была шумлівая вёска, але і ўспомніць, адкуль яго карані. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.