Віртуальны мост Пскоў — Браслаў: бібліятэкары арганізавалі для школьнікаў скайп-канферэнцыю

Новости
Безумоўна, павышаць свой прафесійны узровень у значнай ступені варта праз знаёмства з работай сваіх калег. Менавіта з гэтай мэтай у дзіцячай бібліятэцы дзейнічае праект «Кніжная Вясёлка: віртуальны мост Пскоў — Браслаў».

У рамках гэтай ініцыятывы браслаўскія бібліятэкары правялі скайп-канферэнцыю са сваімі расійскімі калегамі. А на восеньскіх канікулах адбылася яшчэ адна віртуальная сустрэча, толькі на гэты раз яе ўдзельнікамі сталі школьнікі: члены экалагічнага клуба «Юныя сябры прыроды» пры дзяцячай бібліятэцы і наведвальнікі экалагічнай бібліятэкі «Вясёлка» г. Пскова. Тэмай анлайн-канференцыі сталі запаветныя мясціны Пскоўшчыны і Браслаўшчыны.

Вучні 7 класа другой гарадской школы расказалі пскоўскім сябрам пра самыя цікавыя і значныя аб’екты роднага краю. Яны маляўніча апісалі нашы прыгожыя азёры, паведамілі пра гару Маяк, гарадзішча Маскавічы, Барысаў камень, доктара Нарбута, Відзаўскі касцёл.

У сваю чаргу расійскія ўдзельнікі скайп-канференцыі пазнаёмілі нашых вучняў з Палістоўскім запаведнікам і Себежскім нацыянальным паркам. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.