Кожны сам вызначае свой шлях. Праўдзівая гісторыя пра жыццё сапраўднай вясковай сям’і

Главное Люди
Ва ўсе часы вясковае жыццё мае свой уклад, патрабуе ад дбайных гаспадароў бесперапыннай руплівай працы і моцных рук. Зразумела, не ўсе, асабліва сёння, вытрымліваюць такі напружаны рытм. Але яшчэ засталіся сапраўдныя вясковыя сем’і з традыцыйнымі асновамі і працавітымі людзьмі. Шматдзетная сям’я Чопчыц з Друі менавіта такая.
СЯМЕЙНАЯ ПРАЦАВІТАСЦЬ

Ала і Уладзімір самі выраслі на зямлі і з дзяцінства прывучаны да сялянскай працы, таму адназначна ўпэўнены, што ўласная гаспадарка — трывалы падмурак сямейнага дабрабыту.

— Выраслі на «хатнім» малаку і сваіх прадуктах, — кажа жанчына, — таму не ўяўляем, як гэта можна жыць без свайго падвор’я. Да таго гэта значная эканомія для вялікай сям’і.

Гаспадарка сапраўды немалая: некалькі дойных кароў, цяля, парася, трусы, розная птушка, яшчэ агарод і на полі сотак 50. Таму, зразумела, працы хапае не толькі дарослым. Трое дзяцей таксама завіхаюцца каля хаты.

Да таго ў кожнага яшчэ і свой асноўны занятак. Уладзімір працуе ў ААТ «Друйскі», Ала — выхавальніца ў мясцовым дзіцячым садзе, старэйшы сын Ягор другі год асвойвае азы спецыяльнасці праграміста-тэхніка ў Полацкім эканамічным каледжы, Наталля і Аляксандра вучацца ў школе.

Каб паспець абысці ўсе хлявы, падаіць, пакарміць ды кожнай кароўцы абавязкова ласкавае слова сказаць, трэба ўстаць на золку. Але муж і жонка з аптымізмам сустракаюць кожны новы дзень і не дзеляць работу па гаспадарцы паміж сабой. Зразумела, большая частка клопатаў кладзецца на плечы захавальніцы хатняга ачага, бо ёй яшчэ трэба накарміць вялікую сям’ю. Да таго жанчына любіць песціць сваіх смачнай выпечкай. Разнастайныя булачкі, пірагі і бліны заўсёды ёсць на стале. Таму не дзіўна, што за тыдзень у гаспадыні «ідзе» амаль 4 кг мукі. Здзіўляюць і запасы саленняў і варэння на зіму. Так, у гэтым годзе нарыхтавана каля 300 слоікаў. Але Ала лічыць гэта звычайнай жаночай работай, ды і дочкі дапамагаюць маці.

Жыццярадасныя дзяўчаты зусім не скардзяцца, што даводзіцца іншы раз замест сустрэчы з сяброўкамі прапалоць агарод ці пакарміць жывёл, бо сялянскія асновы ўвабралі з нараджэння. Ды і Ягор вырас працавітым і самастойным хлопцам, у чым, несумненна, значная заслуга майстравітага бацькі. Юнак часта прыязджае дадому на дапамогу: ніводная буйная гаспадарчая справа не абыходзіцца без яго.

— Галоўнае, — упэўнена А. Чопчыц, — усё рабіць разам, бо так і лягчэй, і весялей. З кожнага па магчымасці і здольнасці. Ды і фізічная нагрузка для дзяцей — добрая загартоўка здароўя.

Так з малых гадоў у моладзі выхоўваецца любоў да роднай зямлі, руплівай працы і фарміруецца трывалы жыццёвы стрыжань.

НЕ ХЛЕБАМ АДЗІНЫМ

Здаецца, што вясковае жыццё аднастайнае і даволі сумнае. А вось мае аптымістычныя субяседнікі гэта цалкам абвяргаюць. І пры значных гаспадарчых клопатах паспяваюць праводзіць свой вольны час цікава і разнастайна. Усе дзеці радуюць бацькоў поспехамі ў вучобе, пра што сведчаць шматлікія падзякі і дыпломы, якія беражліва захоўваюцца для сямейнай гісторыі. Дзяўчаты наведваюць музычную школу, дзе вучацца па класе фартэпіяна, добра спяваюць, актыўна ўдзельнічаюць у школьных разнастайных мерапрыемствах. Бацькі з радасцю падтрымліваюць і развіваюць творчыя здольнасці дзяцей. Ды і самі імкнуцца не павязнуць у будзённай руціне. Пры магчымасці ўсе разам выпраўляюцца у лес, на рыбалку ці пікнік. Такія сумесныя адпачынкі, лічыць Ала, заўсёды збліжаюць і дапамагаюць зразумець унутраны свет і погляды адзін аднаго.

Кожны сам вызначае свой шлях. Муж і жонка Чопчыц выбралі для сябе такую жыццёвую дарогу і ўпэўнена крочаць па ёй, уласнымі рукамі і нялёгкай штодзённай працай забяспечваюць для сваёй сям’і сённяшні і заўтрашні дзень. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.