Сноп, створаны рукамі браслаўскіх майстроў, стаў сапраўдным упрыгожваннем «Дажынак – 2018»

Дажынкі-2019
Традыцыйны конкурс для свята працаўнікоў сяла, у якім абавязкова ўдзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх раёнаў, — конкурс дажыначных снапоў. Дарэчы, у мінулым годзе браслаўскі сноп быў прызнаны лепшым з лепшых. Таму на гэты раз майстры з музея традыцыйнай культуры імкнуліся пераўзысці саміх сябе.

Па словах загадчыцы ўстановы Элеаноры Зінкевіч, конкурсны сноп пачалі рабіць яшчэ ў пачатку жніўня, як толькі паспела першае жыта. Ідэй было некалькі, але ў выніку перамагла самая крэатыўная і не менш складаная ў выкананні.

Па задуманым эскізе майстра Валерыя Зінкевіча Даніла Іваноў і спрактыкаваныя майстрыхі Эла Зінкевіч, Наталля Парахневіч і Ларыса Дарафейчык пачалі вязаць свой непаўторны сноп. Безумоўна, ён стаў адлюстраваннем галоўнага свята ў цыкле вясковых беларусаў — восеньскіх дажынак. На жытнёвым полі з блакітнымі васількамі творцы размясцілі саламяныя павозкі з багатым ураджаем. Верх снапа ўпрыгожыў млын, а сіняя стужка з аплікацыяй, як азёрная хваля, абвіла жыта гэтага года. Браслаўскія майстры спадзяюцца, што іх твор, па-іншаму ніяк не назавеш, стаў разам з іншымі сапраўдным упрыгожваннем «Дажынак – 2018». ■

Вера БУЛАНАВА.