У браслаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі пачала працу выстаўка беларускіх мастакоў Наталлі і Георгія Паплаўскіх

Отдых
Сямейны і творчы дуэт двух талентаў падарыў свету шмат цікавых твораў.

Георгій Паплаўскі — мастак шырокага дыяпазону, ён шмат вандраваў, а свае ўражанні ўвасабляў у карцінах. Асноўнае месца ў яго творчасці займаюць палотны, прысвечаныя прыродзе Беларусі і яе гісторыі, сярод якіх вылучаюцца карціны браслаўскай тэматыкі. Мастак стварыў некалькі серый: «Браслаўшчына — край азёрны», «Ільны Браслаўшчыны» і іншыя. Наталля Паплаўская працуе ў галіне станкавай і кніжнай графікі, займалася ілюстрацыяй дзіцячай, школьнай літаратуры і інш. У яе творчасці таксама шмат работ, прысвечаных нашаму краю. Адкуль жа такая схільнасць да Браслаўшчыны? Справа ў тым, што мастакі пэўны час жылі ў наваколлях Маскавічаў, дзе шмат займаліся творчасцю. Тут з’явіліся некалькі графічных цыклаў і акварэлі. Год назад Георгій Паплаўскі пайшоў з жыцця, але пакінуў пасля сябе багатую мастацкую спадчыну. Дзякуючы яго таленту мы можам паглядзець на наш край позіркам творцы.

У музеі прадстаўлены карціны мастакоў, ілюстрацыі да казак, кнігі, буклеты і інш. Словам, калі ў вас ёсць вольны час, то абавязкова пазнаёмцеся з творчасцю таленавітай сям’і Паплаўскіх. ■

Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.