Браслаўскі сыр стаў дыетычным і набыў новыя смакі

Деньги
Браслаўскія сыраробы пастаянна папаўняюць асартымент сваёй прадукцыі. З пачатку гэтага года толькі сыроў яны выпусцілі на лінейку некалькі відаў. Разнастайнасць гатункаў можа задаволіць запатрабаванні самага спакушанага гурмана.

Літаральна на мінулым тыдні ў гандлёвую сетку паступіла яшчэ адна навінка — сыр «Дыетычны». Як расказалі на прадпрыемстве, гэты від мяккага сыру вырабляецца з пахты, атрыманай пры вырабе салодкасметанковага масла, з дабаўленнем закваскі, прыгатаванай на чыстых культурах малочнакіслых бактэрый. Спецыяліст падкрэслівае, што сыраробы ідуць па шляху безадходнай вытворчасці і таму вялікую ролю надаюць другаснай сыравіне, з якой, дарэчы, можна атрымаць не толькі смачныя, а натуральныя і карысныя прадукты.

Смак у «Дыетычнага» кісламалочны, з выразным адценнем пастэрызацыі. Сыр мае аднародную, даволі плотную кансістэнцыю, таму пры наразанні не развальваецца. Гэты прадукт дыетычны і адначасова біялагічна каштоўны, багаты на бялкі і мае мінімальную колькасць тлушчу. Асабліва карысны ён для людзей з лішняй вагой і сардэчна-сасудзістымі захворваннямі. Прыйдзецца сыр даспадобы і тым, хто лічыць калорыі і сочыць за сваёй фігурай. Рэалізуецца новая прадукцыя па ўсёй Беларусі.

Акрамя таго, новыя адценні браслаўскія сыраробы дадалі ўжо знаёмаму пакупнікам сыру «Адыгейскаму» з масавай доляй тлушчу 45 %. Аматарам яркага насычанага смаку цэх прапануе адыгейскі з мексіканскай прыправай: гарчыцай, папрыкай, морквай. Узгадаць спякотныя дні дапаможа сыр з летняй цыбуляй, карыяндрам, кмінам, гарчыцай, папрыкай. Любіце востранькае — выбірайце адыгейскі з часнаком, базілікам і таматам.

Браслаўскія сыраробы спадзяюцца, што іх новая прадукцыя знойдзе месца на кожным стале, а разам з попытам прыйдзе і натхненне на новыя смачныя эксперыменты. ■

Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.