Загадкавая гульня з музея

Калейдоскоп

Супрацоўнікі фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў для чарговай публікацыі прапанавалі набор для настольнай гульні. У анатацыі яна пазначана пад назвай «Рычы-рач», праўда, правілаў для яе не было.

Гульня ўяўляе сабой з аднаго боку поле для шахмат, а з другога — рознакаляровую паверхню для гульні фішкамі. Зрабіў яе ў 1930-я гады Язэп Жабінскі з вёскі Трабшы для сваёй дачкі Марыі. У музей экспанат прынесла Ядвіга Пуйша, унучка майстра. Магчыма, гэтымі сціслымі радкамі артыкул і скончыўся б, аднак, пакуль ён рыхтаваўся да публікацыі, гісторыя атрымала нечаканы працяг…

Шукаючы падарунак для дзіцяці на дзень нараджэння, у адным з магазінаў Браслава звярнула ўвагу на невялікую ўпакоўку, дзе была змешчана выява падобнай гульні. Больш за тое! З аднаго боку было поле для шахмат, з другога… Як вы ўжо здагадаліся, падобнае рознакаляровае поле для гульні з фішкамі! Аднак ніякай анатацыі, на жаль, таксама не было. Разам з супрацоўнікамі музея з дапамогай інтэрнэту мы адшукалі назву — лудо. Далейшае вывучэнне паказала, што забава ўзнікла са старажытнай індыйскай гульні пачысі і існуе некалькі яе варыянтаў пад рознымі назвамі. Аднак правілы практычна аднолькавыя: прывесці свае фішкі ў цэнтр поля (дом).

Вось такія экспанаты з цікавымі гісторыямі можна ўбачыць падчас разнастайных выставак, таму наведвайце музей і пашырайце свой кругагляд!

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.