Пасяджэнне савета прафсаюзаў прайшло ў Браславе

Новости

На мінулым тыдні ў гімназіі адбылося пасяджэнне савета Браслаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў. На мерапрыемстве ішла гаворка пры вынікі дзейнасці за мінулы год і планы на бягучы.

На мерапрыемства запрасілі старшынь прафсаюзных пярвічак раёна. У рабоце савета прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка і галоўны спецыяліст аддзела сацыяльна- га партнёрства і працоўных адносін Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Андрэй Краснікаў.

Са справаздачным дакладам аб дзейнасці раённага аб’яднання прафсаюзаў перад прысутнымі выступіў яго старшыня Павел Сільчонак. Ён адзначыў, што летась пярвічкі актыўна працавалі і годна стаялі на абароне сацыяльных правоў працоўных, удзельнічалі ў важных грамадска-палітычных кампаніях і акцыях, культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах.

Судакладчыкамі П. Сільчонка выступілі старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і Браслаўскай ЦРБ Іна Кроп і Аксана Радзько адпаведна, Браслаўскай раённай арганізацыі Беларускага прафесіянальнага саюза работнікаў адукацыі і навукі і раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Святлана Сімановіч і Мікалай Вялічка. Яны падзяліліся вопытам работы ў сваіх галінах дзейнасці. Дапамогу прафсаюзнаму актыву ў арганізацыі турысцка-экскурсійнай дзейнасці прапанавала прадстаўнік УП «Браслаўскія азёры» Вольга Скур’ят.

Не абышлося і без узнагарод. Па выніках агляду-конкурсу на лепшую пярвічную арганізацыю першае месца было прысуджана прафсаюзнаму аб’яднанню Браслаўскай ЦРБ, другое — Друйскага ДССШ, трэцяе — Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Іх старшыні атрымалі адпаведныя дыпломы, а на рахункі пярвічак будуць пералічаны грашовыя прэміі на развіццё прафсаюзнага жыцця.

Падводзячы вынікі пасяджэння, намеснік старшыні райвыканкама Вольга Вялічка выказала надзею, што прафсаюзны рух будзе і надалей актыўна развівацца ў раёне, і пажадала яго актывістам па-ранейшаму стаяць на абароне інтарэсаў працоўных калектываў.

■ Алена НАБЕЕВА.